Чысткі ў Магілёўскім драмтэатры: звольнілі загадчыка музчасткі і рэжысёра
З Магілёўскага драматычнага тэатра звольнілі вядомага барда Аляксандра Баля — лаўрэата мноства прэмій. Звальненне адбылося неўзабаве пасля таго, як Баль стаў пераможцам фестывалю аўтарскай песні "Пакроўскі сабор" — найбуйнейшага ў СНД, піша сайт 6tv.by.
У тэатры Баль працаваў загадчыкам музычнай часткі. Яму прапанавалі звольніцца з тэатра праз ягоную грамадзянскую пазіцыю. Пасля падзеяў лета-2020 Баль напісаў песню "На родине моей беда", у якой адназначна выказаў сваё меркаванне.
Таксама ў тэатры перастаў працаваць рэжысёр і актор Уладзімір Пятровіч, якога затрымлівалі ў жніўні 2020 года, паведамляе праваабарончы ТГ-канал MAYDAY. Раней з палітычных прычынаў з тэатра прыбралі дырэктара Андрэя Новікава і загадчыцу літаратурнай часткі Вольгу Сёмчанку.
Магілёўскі тэатр не адзіны, дзе адбываюцца палітычныя чысткі.
З Гомельскага абласнога драмтэатр "па ўласным жаданні" звольнілася актрыса Ганна Кавалькова, страціла працу касцюмерка Ірына Жукава (Тарнаўская). Пад пытаннем працоўная кар'ера загадчыка літаратурнай часткі Уладзіміра Ступінскага.
Скрыншоты з іх старонак у сацсетках нядаўна з’явіліся ў прапагандысцкіх тэлеграм-каналах. Супрацоўнікі тэатра выказвалі падтрымку рэпрэсаваным, ставілі аватаркі з бел-чырвона-белым сцягам, рабілі рэпосты з рэсурсаў, якія сёння прызнаныя экстрэмісцкімі.
Таксама паведамлялася пра звальненні ў Коласаўскім тэатры ў Віцебску пасля паказу прэм’еры спектакля "Тыль". Там не працягнулі кантракты з дырэктарам Аляксандрам Старых і як мінімум траімі акцёрамі — Анжалікай Баркоўскай, Юліяй Крашэўскай і Арцёмам Гераком.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.