Ці стане страхоўка ад беспрацоўя новым падаткам
У Беларусі будуць плаціць беспрацоўным па страхоўцы. Як стала вядома Еўрарадыё, законапраект аб страхаванні тых, хто часова застаўся без магчымасці зарабіць, цяпер рыхтуюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Распрацаваць яго плануюць за год.
"Разглядаюцца варыянты як з дадатковай фінансавай нагрузкай, так і без яе”, — так у навукова даследчым інстытуце “Працы” апісваюць падрыхтоўку да новай для Беларусі сістэмы.
Дадатковая нагрузка — гэта новыя выплаты для арганізацый і грамадзян, лічы — падатак. Але гэта толькі адзін з варыянтаў.
Знайсці грошы для беспрацоўных з дапамогай прыватызацыі прадпрыемстваў і скарачэння будаўніцтва буйных спартовых аб’ектаў — такая прапанова ў Аляксандра Ярашука, старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.
“Такі фонд неабходны, але трэба шукаць крыніцы. У дзяржавы шмат неэфектыўных выдаткаў. Непамерная колькасць сілавых структур, дзяржава ладзіць буйныя святы і будуе лядовыя палацы. Прадавайце актывы неэфектыўных прадпрыемстваў і пералічвайце грошы ў такі фонд”, — апісвае Аляксандр Ярашук.
Грошы можна ўзяць з фонду, які цяпер абслугоўвае беспрацоўных, але распараджацца імі больш удумліва. Такі варыянт прапануе дэпутат Палаты прадстаўнікоў і эканаміст Валерый Барадзеня.
“Самае рацыянальнае — узяць частку з той дапамогі, якую мы сёння аддаём беспрацоўным. Зразумела, гэта невялікія сродкі. Але трэба знаходзіць крэатыўныя механізмы, для тых, хто рэальна шукае працу. Мы мусім абмяркоўваць гэтыя механізмы”, — прапануе Валерый Барадзеня.
Сёння ў Беларусі сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі — 24 рубля 70 капеек.
Пераймаць сусветны досвед раіць лідар прафсаюза металістаў Аляксандр Бухвостаў. Напрыклад, у Швецыі адлічэнні на беспрацоўных пералічваюць наймальнікі, а таксама тыя, хто працуе. Там выплаты па беспрацоўі могуць дасягаць 70% ад сярэдняга заробку.
“Можа, гэта ўзваляць на працоўных нейкімі дадатковымі ўнёскамі. А за мяжой унёскі плацяць прафсаюзы, зыходзячы з агульнага капіталу, які праз іх фармуецца”, — апісвае Аляксандр Бухвостаў.