Ці варта пускаць у свой дом людзей у масках?
За апошні час адбылося некалькі брутальных затрыманняў, падчас якіх праваахоўнікі збівалі невінаватых людзей або ламалі іх маёмасць. Сярод найбольш гучных выпадкаў — затрыманне педыятра Дзмітрыя Серады і грамадзянкі Украіны Наталлі Кукобы.
“Зламаная сківіца, пералом косткі пад вокам, збіццё ў спецмашыне…”
Уявім сабе сітуацыю: званок у дзверы, у вочку група людзей у масках. Яны прадстаўляюцца праваахоўнікамі і патрабуюць адчыніць. Ці варта пускаць такіх людзей у дом? Гэтае пытанне Еўрарадыё задае праваахоўнікам і праваабаронцам.
Што кажа міліцыя
Прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі недвухсэнсоўна кажа, што калі б вы ўбачылі праваахоўнікаў у масках, “яны б у вас не запытваліся дазволу, а самі дзверы б ужо адчынілі”.
А вось падчас, да прыкладу, шараговай праверкі, перад тым як прайсці да вас у дом, міліцыянер мусіць паказаць службовае пасведчанне. Прэс-сакратар кажа, што часам “брутальны спосаб” пранікнення ў памяшканне — адзінае выйсце:
“Праваахоўныя органы маюць усе падставы на правядзенне сілавых аперацыяў. Вы ж самі разумееце, з чым звязаная праца праваахоўнікаў. Гэта не МНС, якое тушыць пажары і коцікаў з дрэваў здымае, тут вядзецца пра затрыманне сур’ёзных злачынцаў, якія могуць аказаць узброенае супраціўленне. Ці нанесці калецтвы асобам, якія з імі замкнёныя ў памяшканні”.
Ластоўскі дадае, што ў добрапрыстойных грамадзянаў не можа быць падставаў палохацца візіту праваахоўных органаў.
Што кажуць праваабаронцы
Юрыст і праваабаронца Павел Сапелка тлумачыць, як мусяць паводзіць сябе праваахоўнікі, калі спрабуюць увайсці ў вашае кватэру:
“Яны мусяць прадставіцца. Указаць на сваю прыналежнасць да органаў унутраных спраў ці Камітэта дзяржбяспекі. Паказаць пасведчанне. І паведаміць прычыны, па якіх яны жадаюць пранікнуць у жыллё грамадзяніна”.
Спецсродкі і фізічная сіла мусяць выкарыстоўвацца прапарцыйна, у адпаведнасці з сітуацыяй. Калі міліцыя будзе ўрывацца ў кватэру, дзе, паводле дадзеных, якія заслугоўваюць даверу, знаходзяцца закладнікі, там ніхто пасведчанні паказваць не будзе. А вось калі вядзецца пра шараговае затрыманне або калі праваахоўнікі жадаюць трапіць у кватэру для правядзення нейкага следчага дзеяння, выкарыстанне спецсродкаў і фізічнай сілы тут непрапарцыйнае і незаконнае.
“Адказнасці за тое, што вы не адчыніце дзверы таму, хто не прадставіўся супрацоўнікам, няма. Але калі ў гэтых людзей будзе цвёрды намер пранікнуць у вашу кватэру, яны туды пранікнуць”, — кажа праваабаронца. А вось не адчыніць праваахоўнікам, якія паказалі пасведчанне і назвалі мэту, — гэта ўжо адміністрацыйнае правапарушэнне: непадпарадкаванне законнаму патрабаванню.
Каб вызначыць, ці нясуць адказнасць праваахоўнікі за пашкоджанні ў кватэры пры затрыманні, трэба разглядаць кожны асобны выпадак. Але калі супрацоўнікі МУС не патрабавалі адчыніць дзверы, а проста зламалі іх, гэта парушэнне закона, вінаватыя ў гэтым выпадку праваахоўнікі.
А калі грамадзяне насуперак законным патрабаванням супрацоўнікаў не адчынілі і міліцыя вымушаная была ламаць дзверы, гэта правамерныя дзеянні з боку праваахоўнікаў.