Ціханоўская расказала, якія праблемы абмяркоўвае на форуме ў Давосе
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская распавяла, якія праблемы абмяркоўвае на міжнародным эканамічным форуме ў Давосе. Відэазварот з'явіўся ў тэлеграм-канале палітыка.
Падчас сустрэч і выступаў Ціханоўская тлумачыць, чаму трэба адрозніваць беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі. Найперш — гэта стаўленне да расійскай агрэсіі супраць Украіны: "Гэта рэжым стаў суагрэсарам у вайне, а беларусы ёй супрацьстаяць".
Таксама на сустрэчах Ціханоўская абмяркоўвае тэму палітвязняў і прапаноўвае стварыць міжнародны фонд падтрымкі палітвязняў.
Уздымаецца і тэма міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнай і свабоднай Беларусі. На думку Ціханоўскай, гэтую ідэю падтрымаюць Польшча, Літва, краіны Еўрасаюза і ЗША. "Тут я выступіла з ініцыятывай распрацаваць комплексную стратэгію па Беларусі. Праблема не ў тым, што стратэгія па Беларусі дрэнная — яе проста няма. Дзеянні Захаду павінны быць паслядоўнымі і вырашаць праблемы, а не сімптомы. Праблема — гэта дыктатура Беларусі. Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, рэпрэсіі будуць працягвацца, а Беларусь будзе пагрозай для свету", — кажа палітык.
Эканамічная каманда падрыхтавала прэзентацыю эканамічных рэформаў у Беларусі. Яе прадставяць на форуме ў чацвер, 19 студзеня. Інвестараў з усяго свету, кажа Ціханоўская, запросяць інвеставаць у будучую Беларусь.
Таксама яна папрасіла міжнародныя карпарацыі замаўляць рэкламу ў незалежных беларускіх СМІ, каб падтрымаць іх у стварэнні якаснай журналістыкі.
На думку Ціханоўскай, удзел у Давоскім форуме — добрая магчымасць вярнуць Беларусь на карту Еўропы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.