Ціханоўская заклікала Польшчу змякчыць умовы правозу пакупак для беларусаў
Святлана Ціханоўская і Радаслаў Сікорскі
Святлана Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МЗС Польшчы Радаславам Сікорскім шэраг актуальных для беларусаў праблем. Сустрэча прайшла ў Вашынгтоне на палях грамадскага форуму NATO.
Ціханоўская, у прыватнасці, звярнула ўвагу міністра на абмежаванні, з якімі сутыкаюцца беларусы, перавозячы рэчы і тавары для асабістага карыстання. Яна заклікала ўдакладніць інструкцыі або змякчыць абмежаванні для фізічных асоб. Сікорскі ў сваю чаргу расказаў, што Варшава сур'ёзна разглядае магчымасць закрыцця мяжы для грузаперавозак. Ціханоўская адзначыла, што ў любым выпадку пасажырскія зносіны паміж краінамі важна захаваць.
Гаварылі таксама пра візы для беларусаў. Лідарка беларускіх дэмсіл падкрэсліла, што важна і далей выдаваць візы — як гуманітарныя, так і звычайныя. На сустрэчы абмяркоўвалася і сітуацыя з тэлеканалам "Белсат". Святлана Ціханоўская заклікала польскага міністра падтрымліваць СМІ.
Нагадаем, Ціханоўская была запрошаная на саміт NATO. Напярэдадні яна была ў эфіры амерыканскага ранішняга шоу "Morning Joe" на тэлеканале MSNBC, дзе казала пра важнасць супрацоўніцтва дэмакратычнай Беларусі з NATO.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.