ЦВК прыняў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Статкевіча (фота)

Кіраўніком ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча стала яго жонка Марына Адамовіч. “На сённяшні дзень у нашай ініцыятыўнай групе каля 1700 чалавек”, — расказала яна журналістам.

У ініцыятыўную групу Статкевіча ўвайшоў былы кандыдат Уладзімір Някляеў.

Дакументы ў Адамовіч прынялі без усякіх пярэчанняў. Супрацоўнікі юрыдычнага аддзела паведамілі ёй, што запрашэнне на паседжанне ў панядзелак дашлюць поштай.

“Існуюць законныя падставы зарэгістраваць ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча. Калі гэтага не зробяць… Тады мы будзем вырашаць, што рабіць далей. У панядзелак усё стане вядома”, — гаворыць Марына Адамовіч.

Граф Прушынскі, які таксама ўвайшоў у ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча, крыху разняволіў атмасферу сваім нечаканым з'яўленнем у ЦВК. Вельмі хацеў пабачыць Лідзію Ярмошыну, аднак марна.

 

Мікола Статкевіч, кандыдат на выбарах 2010 года, на дадзены момант адбывае пакаранне за кратамі. У траўні 2011 года ён быў прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года і асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі. Незалежныя эксперты мяркуюць, што ЦВК не можа на законных падставах не рэгістраваць яго ініцыятыўную групу. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у каментары для Еўрарадыё таксама выказаў такое меркаванне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі