Да акцыі без абортаў рыхтаваліся: правялі аперацыі загадзя
У Віцебскай вобласці акцыя за забарону абортаў, а ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці — зніжка на аборт.
Беларуская праваслаўная царква разам з гінеколагамі Наваполацка ды Полацка праводзяць сумесную акцыю — тыдзень без абортаў. Кажуць, што такія акцыі пройдуць па ўсёй Беларусі!
На пасту ў аддзяленні гінекалогіі Наваполацкай цэнтральнай раённай бальніцы пытаюся, ці робяць аборты. І чую, што аперацыі… праводзяцца.
“Тыдзень акцыя была, тыдзень без абортаў. Але яна ўжо прайшла”.
Я ў роспачы! Акцыя, паводле афіцыйных звестак, яшчэ ідзе да 3 красавіка, а ў Наваполацку — прайшла? Медсястра выпраўляецца.
“Мы не запісвалі на гэты тыдзень на аборты, - раздзельна выгаворвае медсястра. — А цяпер запісваем, але на іншыя дні”.
Аказваецца, да акцыі рыхтаваліся загадзя, нават пераносілі некалькі разоў.
“Тым, каго тэрміны падціскалі, зрабілі аборты раней, хто можа пацярпець — пераносілі на пазней. Але гэты тыдзень аборты не рабілі, — блытаюць у Наваполацку і самі ж дадаюць, што пазней аперацыі ўзновяць. — Мы ўсё роўна зробім гэтыя аборты, бо законам не забаронена. І будзем рабіць, пакуль у нас не забароняць заканадаўча”.
Але сэнс у акцыі без абортаў ёсць — у Наваполацку ў гэтым не сумняваюцца. Акцыю падтрымліваюць… цяжарныя з радзільнага аддзялення. У Наваполацку кажуць, што ніадна жанчына не перадумала рабіць аборт.
“Тэлефануюць і перапытваюць, ці можна будзе зрабіць аборт — цяжарнасць жа расце!” — кажуць у гінекалагічным аддзяленні.
Навошта робяць такую дзіўную акцыю, спрабую даведацца ў Беларускай праваслаўнай царкве. Тут да яе ставяцца скептычна, маўляў, гэта ўсё свецкія людзі праводзяць.
“Калі хоць адное дзіця будзе выратаванае за кошт таго, што мінулі дазволеныя тэрміны аборта, мы будзем рады. Аднак гэта не мы праводзім акцыю, а свецкія людзі”, — кажуць у БПЦ. Тут не адчуваюць ніякіх ілюзій наконт паказушнасці: калі не зрабіць аборт цяпер, можна паехаць у іншы раён ці пачакаць.
Зусім іншыя спадзяванні ў дэпутата Вадзіма Дзевятоўскага: ён разам з галоўным акушэрам-гінеколагам Мінаховы здароўя Святланай Сарокай — адны з ініцыятараў акцыі.
“Па пілотным праекце даабортнага кансультавання, які праводзіўся ў Мінску, па выніках, 20% жанчын адмовіліся ад абортаў”, — кажа Святлана Сарока.
Пакуль на Віцебшчыне праводзяць акцыю па забароне абортаў, у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці да 1 красавіка дзейнічалі зніжкі на медыкаментозны аборт — 9%.
Галоўны доктар бальніцы Віктар Мулярчык тлумачыць Еўрарадыё, што ў межах акцыі жанчын на аборт прыйшло не больш і не менш, чым звычайна. За тры месяцы — чатыры чалавекі.
“Медыкаментозны аборт “лепшы”, чым хірургічны, бо гэты аборт без ўмяшальніцтва ў арганізм жанчыны. Пасля такога аборта жанчына можна нарадзіць, а вось пасля хірургічнага можа і не нарадзіць”, — дзеліцца доктар. Віктар Мулярчык заўважае, што праблема з абортамі востра і не стаіць. Шмат сіл выдаткавалі на тое, каб папулярызаваць сродкі папярэджання цяжарнасці. Вось і ўвесь фокус.