Да хакейнага чэмпіянату Мінск ачысцяць ад п'яніц, прастытутак і жабракоў
Сталічная міліцыя рыхтуецца да чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў траўні 2014 года ў Мінску.
Людзей, якія злоўжываюць алкаголем, адпраўляюць на прымусовае лячэнне. Пад самым жорсткім кантролем трымаюць паненак лёгкіх паводзінаў і жабракоў, адзначаюць "Мінск-навіны". Напрыклад, у 2011 годзе ў ЛПП адправілі каля 600 чалавек, у 2012-м — 900, а сёлета — ужо амаль 1500.
У сталічнай міліцыі кажуць, што літаральна за кожным метрам, асабліва ў цэнтры горада і каля дзвюх лядовых арэн, будзе замацаваны супрацоўнік, які нясе персанальную адказнасць за даручаную яму тэрыторыю. Забяспечваць правапарадак дапамогуць супрацоўнікі АМАП і аператыўна-пошукавых атрадаў з іншых рэгіёнаў краіны. Яны ўжо стажыруюцца ў Мінску — адпрацоўваюць маршруты, на якіх стануць несці службу.
Ва ўсіх гатэлях і інтэрнатах, дзе размесцяцца хакейныя заўзятары, будзе весціся відэаназіранне.
Фота — portal-kultura.ru