Даходы Беларусі ад экспарту калійных угнаенняў знізіліся на 37%

Даходы Беларусі ад экспарту калійных угнаенняў знізіліся на 37%

Беларусь перажывае падзенне экспарту тавараў, піша tut.by. Так, у студзені 2016 года агульны аб'ём экспарту тавараў склаў 1,561 млрд долараў, што на 21,2% менш, чым у студзені 2015-га.

Варта адзначыць рэзкае падзенне экспарту калійных угнаенняў — аднаго з асноўных тавараў, якія Беларусь пастаўляе на вонкавыя рынкі.

Паводле звестак Белстата, экспарт хлоркалію ў студзені 2016 года скараціўся на 31,6% — да 311,4 тысячы тон. У грашовым выяўленні страты яшчэ большыя — на 37%, да 142 млн долараў.

Страту даходаў адчуваюць і нафтавікі. У студзені 2016-га экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў скараціліся на 5,3% да аналагічнага перыяду мінулага года — да 1,6 млн тон. У грашовым выяўленні падзенне склала 33,3% (464,3 млн долараў).

Малочнай галіне ўдалося павялічыць экспарт на 20%, але фінансавыя паказчыкі ўсё адно знізіліся — на 7,7%, да 114,2 млн долараў. А вось пастаўкі мяса апынуліся ў безумоўным плюсе — на 7,7%, да 40 млн долараў.

Пастаўкі седлавых цягачоў выраслі на 23,2%, — да 42,9 млн долараў.
Экспарт чорных металаў у студзені абрынуўся на 56,4% — да 32,7 млн ​долараў, трактароў — на 44,3%, да 21,8 млн долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі