Daily Mail: Лігу чэмпіёнаў хочуць ачысціць ад слабых, у прыклад прыводзяць БАТЭ
Футбольны матч, які праходзіў паміж мадрыдскім "Рэалам" і барысаўскім БАТЭ ў 2008 годзе, прыводзяць у прыклад іспанскія прыхільнікі "ачысткі" Лігі чэмпіёнаў ад слабых каманд, піша брытанскае выданне Daily Mail. Прапануем пераклад у скароце гэтага артыкула.
Рэфарматары ўпэўненыя, што матчы галоўнага еўракубкавага турніру Еўропы павінны быць яскравымі і цікавымі, а не такімі, які праходзіў на стадыёне Сант’яга Бернабэу ў Мадрыдзе 17 верасня 2008 года, калі БАТЭ прайграў “Рэалу” — 0:2. У той год барысаўскі клуб упершыню трапіў у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў і, дарэчы, двойчы згуляў унічыю з італьянскім “Ювентусам”.
Разам з тым менавіта БАТЭ, адзначае выданне, паклаўшы на лапаткі мюнхенскую "Баварыю" ў кастрычніку 2012 года (3:1), стала адной з дзвюх каманд, якія разграмілі немцаў на шляху да перамогі ў турніры. Таксама жоўта-блакітныя згулялі ўнічыю з “Міланам”, “Ромай”, двойчы з ПСЖ, перамагалі “Атлетык”.
План перабудовы Лігі чэмпіёнаў таксама далёка не бездакорны, звяртае ўвагу Daily Mail. Ён заключаецца ў тым, каб пазбавіцца ад лішніх слабых каманд і стварыць дзве вялікія групы, якія будуць складацца з 8 каманд (цяпер 8 груп па 4 каманды). Але такая сістэма пакіне не менш сумных і нецікавых гульняў і, так званых, "мёртвых" сустрэч. Бо, тэарэтычна, ужо праз пяць матчаў каманда зможа дасягнуць перамогі ў групе. Галоўная прычына, чаму з'явіліся "рэфарматары" — турнір стаў прыносіць суперклубам менш прыбытку, таму яны зацікаўленыя ў зменах.
Выданне прыходзіць да высновы, што сённяшняя Ліга чэмпіёнаў не самая бездакорная спартовая сістэма, але рэфармаваць яе варта. Праўда, змены чакаюцца не раней сезона 2018-2019 гадоў.