Дарадца Наўседы лічыць абмежаванні для беларусаў неабходнымі падчас вайны

Кястуціс Будрыс / ELTA
Кястуціс Будрыс / ELTA

Літва павінна ўвесці абмежаванні на атрыманне грамадзянства беларусамі і расіянамі, бо ўсё яшчэ працягваецца вайна ва Украіне. Пра гэта заявіў галоўны дарадца прэзідэнта Гітанаса Наўседы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Кястуціс Будрыс, піша Delfi.

У 2024 годзе ў Літве плануюць правесці рэферэндум пра множнае грамадзянства. І цяперашнія абмежаванні дапамогуць не пашыраць кола выхадцаў з краін-агрэсараў, якія маюць права на набыццё грамадзянства Літвы, кажа Будрыс. Дзеля гэтага і патрабуецца больш строгае рэгуляванне.

"Такое абмежаванне падчас вайны, калі Расія і Беларусь ажыццяўляюць агрэсію супраць Украіны, — неабходнае, пакуль у нас такая сітуацыя, пакуль яна не змянілася. Тут я б у першую чаргу засяродзіўся на найбліжэйшых рашэннях, якія звязаныя з вайной у рэгіёне. Мы не можам дазволіць сабе пашыраць кола асоб з падвойным грамадзянствам з гэтых дзяржаваў", — мяркуе дарадца Наўседы.

Ён прызнае, што ў доўгатэрміновай перспектыве, магчыма, давядзецца перагледзець такія абмежаванні. Аднак спрасціць працэдуру атрымання грамадзянства можна будзе толькі тады, калі сітуацыя з бяспекай у рэгіёне істотна зменіцца, а Масква спыніць баявыя дзеянні ва Украіне.

Як распавядала Еўрарадыё, у літоўскім Сейме абмяркоўваюць прапанову міністра ўнутраных спраў Агне Білатайце і старшыні парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынаса Кашчунаса прыпыніць прыём заяў грамадзян Беларусі і Расіі і рашэнняў па іх наконт грамадзянства Літвы. Законапраект прыняты ў першым чытанні. Група дэпутатаў прапанавала не ўключаць у яго грамадзян Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі