Дарафеева: Хачу, каб міліцыя менш працавала на пакаранне
Навошта ў МУС стварылі савет па паляпшэнні іміджу міліцыі і як яго могуць палепшыць артысты ды іншыя дзеячы культуры, распавядае Ірына Дарафеева.
Еўрарадыё: Вы моцна здзівіліся прапанове стаць сябрам кансультацыйнага савета пры МУС?
Ірына Дарафеева: Не, не моцна здзіўленая. А чаму павінна была моцна здзівіцца?!
Еўрарадыё: Вы ж артыстка — ніякага дачынення да міліцыі не маеце…
Ірына Дарафеева: Я — той артыст, які шмат ездзіць па Беларусі, вельмі часта сустракаецца з супрацоўнікамі ДАІ у сваёй непасрэднай дзейнасці. І таму нейкія прапановы і пажаданні заўсёды магу выказаць. А калі яшчэ змагу неяк дапамагчы МУС і нашым людзям, то я буду вельмі рада. Мне вельмі падабаецца гэтая ініцыятыва міністра — звярнуцца да дзеячаў культуры, каб змяніць у лепшы бок імідж беларускай міліцыі.
Еўрарадыё: У вашага савета ўжо было першае пасяджэнне — што на ім адбывалася, што казалі, прапаноўвалі?
Ірына Дарафеева: Гэта было пасяджэнне, дзе мы пазнаёміліся, абралі старшыню савета і яго намеснікаў, атрымалі пасведчанні, наказы ад міністра. Будзем чакаць наступнага пасяджэння, да якога падрыхтуем нейкія прапановы.
Еўрарадыё: Што за наказы вам даў міністр?
Ірына Дарафеева: Гэта не тое каб наказы былі — ён увёў нас у курс справы, пазнаёміў з дзейнасцю міліцыі.
Еўрарадыё: Як творчыя людзі накшталт вас могуць змяніць імідж міліцыі ў лепшы бок? Можа, нейкую са сваіх будучых прапаноў зараз праз нас агучыце?
Ірына Дарафеева: Усе прапановы буду ўносіць у будучыні. Зараз магу сказаць: мне хацелася б, каб наша міліцыя заўсёды была ветлівай, працавала не на пакаранне за нейкія правіннасці, а на прадухіленне іх. Сама я з імі часта сутыкаюся на розных масавых святах і мерапрыемствах, і я буду выносіць прапанову, каб больш арганізавана праход людзей на мерапрыемства ажыццяўляўся — каб яны у менш жорсткім рэжыме праходзілі міліцэйскія кардоны. А ў дачыненні да артыстаў — каб дзейнічала прапускная сістэма. Бо часам страшна ехаць на нейкія вялікія святы і мерапрыемствы — з-за небяспекі спазнення. Здараецца, даводзіцца доўга ездзіць ад кардона да кардона, каб дабрацца да сцэны.
Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце сённяшні імідж беларускай міліцыі?
Ірына Дарафеева: Калі мы звяртаемся да супрацоўнікаў міліцыі са сваімі праблемамі і яны нам дапамагаюць — гэта хутка забываецца, хоць мы ім і ўдзячныя за дапамогу. А калі нас караюць, то чамусьці расце негатыў і нядобразычлівасць. Але за правіннасці неабходна караць! Трэба толькі не здзяйсняць супрацьпраўных дзеянняў — і ўсё будзе добра. У цэлым, наша міліцыя — культурная, сумленная. Я вельмі часта чую прыклады, што нашы супрацоўнікі і хабар не бяруць, і заўсёды падкажуць і дапамогуць. Уяўляеце, колькі злачынстваў раскрываецца ў нашым жыцці, і хацелася б, каб з разуменнем ставіліся грамадзяне да гэтай прафесіі.
Еўрарадыё: А што за пасведчанні вам выдалі? Якія льготы яно дае? Ад ДАІ ўратуе, калі што?
Ірына Дарафеева: Я не разлічваю на нейкія спецыяльныя льготы — я заўсёды прытрымліваюся правілаў дарожнага руху, ніколі не спрабавала, нешта парушыўшы, даказваць сваю слушнасць. Па шчырасці, адносіны да мяне з іх боку заўсёды былі добрыя — незалежна ад наяўнасці пасведчання. Заўсёды трэба заставацца чалавекам, грамадзянінам сваёй краіны. Што да пасведчання… Спадзяюся, што яно сапраўды спатрэбіцца, але толькі ў вырашэнні сапраўды праблемных сітуацый. Калі будуць звяртацца з нейкімі просьбамі ці ініцыятывамі людзі.
Еўрарадыё: Канцэрты, рэпетыцыі, запісы, здымкі, выкладчыцкая дзейнасць… Не ўзнікла думкі: “Навошта мне яшчэ і гэты савет?”
Ірына Дарафеева: Відаць, прывыкаеш да вялікай нагрузкі, і любая дадатковая адказнасць, ускладзеная на цябе, успрымаецца як дадзенасць. Я,наадварот, вельмі ўдзячная за гэты гонар і не буду перажываць, што мне не хапае часу. Тым больш што ў гэтым савеце вельмі вядомыя дзеячы Беларусі. Думаю, справімся!
Еўрарадыё: У апошнія дні па беларускім тэлебачанні прайшло некалькі сюжэтаў на тэму “Наша міліцыя — найлепшая ў свеце”. Вынікі дзейнасці вашага савета?
Ірына Дарафеева: Старшынёй нашага савета з’яўляецца Генадзь Давыдзька — старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Ён азнаёміўся з дакументамі, якія нам далі на першым пасяджэнні, і ўжо мог адрэагаваць такім чынам. Сапраўды, мне хочацца, каб у нашым жыцці было больш пазітыву, нейкіх сюжэтаў, якія нас аб’ядноўваюць і робяць наша жыццё лепшым, — чым мы будзем толькі расказваць пра тое, што ў нас здарылася дрэннага. Таму — падтрымліваю Генадзя Браніслававіча.
Фота: http://irinadorofeeva.com