Давыдзька пойдзе на Ўсебеларускі сход "праз пошту", а Някляева спыніў АМАП

Ад раніцы каля ліцэя БДУ дзяжурыў АМАП і міліцыя, якія чакалі Ўладзіміра Някляева. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў моладзевы актывіст Міхаіл Пашкевіч.
У ліцэі БДУ мусіў прайсці сход упаўнаважаных ад Ленінскага раёну сталіцы, які б выбраў дэлегатаў на Ўсебеларускі сход. Някляева не прызналі ўпаўнаважаным. Палітык усё ж хацеў на гэтым сходзе выступіць, каб паспрабаваць трапіць на Усебеларускі сход. Але яго не пусцілі ў будынак.

Някляеў прыехаў да ліцэя БДУ каля 16 гадзінаў. На парозе яго сустрэў прадстаўнік Ленінскага раёна, які заявіў, што нікуды палітык не трапіць.

Як адзначыў Пашкевіч, самым яскравым момантам сённяшняга дня стала гутарка з адным упаўнаважаных ад Ленінскага раёну, які ня ведаў, хто яго вылучаў. А  запрашэнне на гэты  сход атрымаў па пошце:

Пашкевіч: “Мы аклікнулі дэпутата Давыдзьку, які таксама вылучаўся на Ўсебеларускі сход. На пытанне, хто яго вылучаў, спадар Давыдзька не здолеў адказаць. Запрашэнне на гэты сход ён атрымаў поштай. І гэты прыклад са спадаром Давыдзькам, які не ведае, хто яго абіраў, стаў ключавым момантам сённяшняга візіту на гэты сход. Пакуль нам даводзяць, што наш сход быў неправамоцны, бо там не прысутнічала трыста чалавек. На гэты ж сход на вачах супрацоўнікаў  міліцыі і чалавека з выканкама Ленінскага раёна ідзе дэпутат Давыдзька, які не ведае, хто яго абіраў”.

Нагадаем, што за вылучэнне Някляева дэлегатам Усенароднага сходу яго прыхільнікі сабралі 27 тысяч подпісаў па ўсёй Беларусі.

Пашкевіч таксама паведаміў, што на сход быў перададзены зварот Някляева для прачытання яго на сходзе. Копіі гэтага звароту таксама раздаваліся ўпаўнаважаным, якія ішлі ў ліцэй БДУ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі