Дэмгазета збірае высокую арэндную плату з дэмпартыі

Кіраўнік Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі паведаміў Еўрарадыё, што для арганізацыі сталі непад’ёмнымі 6 м.кв., якія яна арэндуе ў газеты “Брестский курьер” у якасці юрыдычнага адрасу.
Дзмітрый Шыманскі: Сацыял-дэмакраты (Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя Грамада – Еўрарадыё)  плацяць за 40 м.кв. 700 тыс. – 17,5 тыс. за метр, а мы 50 тыс. – якраз у тры разы больш!

Ён патлумачыў таксама, што патрабуюць сплаціць падвышаную суму (называлі перш 300 тыс. беларускіх рублёў, але ўдалося збіць на 250) заднім днём з 5 лістапада. У чым прычына? Мабыць, апетыт у людзей вырас пасля паказу ўлетку па Беларускім тэлебачанні роліка, калі спадара Шыманскага затрымалі каля амерыканскага пасольства і адабралі каля 1000 долараў ЗША?

Дзмітрый Шыманскі:
Так. Напэўна. Недзе нешта пачулі, ці нехта ў вушы ўклаў. Не ведаю.

Рэдактар “Брестского курьера” Мікалай Аляксандраў: Шушкевіч (Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя – Еўрарадыё) плаціць больш. Дзіма плаціць мінімум. Рашэнне ў нас прымае Рада з 10 сузаснавальнікаў. Прынятае яно было яшчэ перад Новым годам, і я не змог на яго паўплываць.

Карэспандэнт Еўрарадыё задаў М.Аляксандраву тое самае пытанне: ці не спакусілі людзей, якія прымалі рашэнне, ролікі Белтэлебачання, знятыя ля амерыканскага пасольства.

Мікалай Аляксандраў: Ну вы што! Хаця можа каму ў башку і залягло… Але я ўпэўнены, што большасць нашай Рады за тое, каб партыі, якія цяпер не могуць знайсці юрыдычны адрас, мелі яго ў нас і працягвалі існаваць.

Рэдактара “Брестского курьера” і Раду заснавальнікаў можна зразумець: газеце трэба выжыць. І  Д.Шыманскі сказаў, што не хоча псаваць з рэдактарам адносіны.  

Кошт арэнды офіса ў Брэсце дасягае да 15 еўра за квадратны метр у цэнтры. У трохпавярховіку рэстарана “Брэст”, які месціцца ў самым цэнтры і здае шмат памяшканняў,  карэспандэнту Еўрарадыё сказалі, што існуе простая залежнасць паміж арандаванай плошчай і памерам арэнднай платы. Пры вялікай плошчы кошт можа знізіцца да пяці еўра за квадратны метр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі