Дэпутат Вадзім Дзевятоўскі: “Магчыма, я вярнуся ў вялікі спорт”
Прызёр Алімпіяды і парламентарый распавядае Еўрарадыё аб разбіральніцтвах з допінг-пробамі, а таксама пра верагоднасць вяртання ў сектар Івана Ціхана.
Многія спартовыя заўзятары паставілі крыж на кар’ерах беларускіх лёгкаатлетаў, якіх падазраюць ва ўжыванні допінгу. Гаворка вядзецца пра Вадзіма Дзевятоўскага, Івана Ціхана, Надзею Астапчук і іншых заслужаных кідальнікаў молата і дыска, а таксама штурхальнікаў ядра.
Як аказалася, некаторыя нашы атлеты не згодны з гэтым і працягваюць змагацца за рэпутацыю.
“Не варта называць мяне былым спартсменам. Магчыма, я яшчэ вярнуся ў сектар, ― агарошвае Еўрарадыё прызёр пекінскай Алімпіяды-2008 Вадзім Дзевятоўскі. ― Сёння мяне ад выступленняў стрымліваюць дзве прычыны. Першая ― гэта спіна. Перад Гульнямі-2012 у Лондане я сарваў яе так, што гаворка вялася не пра заваяванне медаля, а пра здароўе. Па-другое, дагэтуль вядзецца разбіральніцтва наконт нібыта станоўчых допінг-пробаў, узятых падчас чэмпіяната свету-2005. Рашэнне наконт гэтай сітуацыі не да канца сфармулявана. Калі разбяруся з праблемай, то, магчыма, я вярнуся ў сектар, адгарну два-тры гады назад. Хоць гэта магчымасць сёння толькі тэарэтычная”.
Еўрарадыё: Але вы дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, і век у вас не юнацкі ― 36 гадоў.
Вадзім Дзевятоўскі: У нас узроставы від спорту. І ў вольны ад працы час ― па раніцах і вечарах ― я магу трэніравацца. Мне не прывыкаць. Раней было нават па тры трэніроўкі ў дзень. Да таго ж я спадзяюся на свой досвед.
Еўрарадыё: Ці трэніруецеся вы зараз?
Вадзім Дзевятоўскі: Я, канешне, раблю агульнафізічную падрыхтоўку, каб падтрымаць сэрца. Нагрузка цягам спартовай кар’еры была шалёная, і рэзка сканчаць са спортам нельга. З яго трэба пісьменна выходзіць, інакш могуць здарыцца наступствы, несумяшчальныя з жыццём. У той жа час захоўваецца тэарэтычны шанец майго вяртання ў спорт, таму, апроч АФП і гульняў у тэніс, я раблю сілавыя практыкаванні, узмацняю звязкі. Я спадзяюся, што і грыжы мае загояцца, усохнуць. Нагрузкі зараз не алімпійскія, але з-за тэарэтычнага шанцу вярнуцца я трымаю сябе ў прыстойнай форме.
Еўрарадыё: Ці можа вярнуцца ў спорт Іван Ціхан? Вам пра гэта нешта вядома?
Вадзім Дзевятоўскі: Наколькі я валодаю сітуацыяй, захоўваецца вялікі шанец таго, што Іван зможа выйсці ў сектар. Я ведаю, што ён трэніруецца, бачыў яго на турніры (у дваццатых чыслах лістапада якраз прайшлі спаборніцтвы на прызы Вадзіма Дзевятоўскага. ― заўв. Еўрарадыё). Іван прыехаў падтрымаць маладых гродзенскіх атлетаў. Я бачыў на яго руках крывяныя мазалі. Гэта знак, што ён трэніруецца.
***
Нагадаем, што топавых беларускіх кідальнікаў молата Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага ў 2008 годзе абвінавацілі ў спажыванні тэстастэрону. Спачатку было прынята рашэнне забраць у іх медалі пекінскай Алімпіяды. Атлеты пачалі судзіцца з Міжнародным алімпійскім камітэтам. У чэрвені 2010 года Спартыўны арбітражны суд Лазаны стаў на бок Ціхана і Дзевятоўскага. Цяжка прыгадаць хоць адзін падобны прэцэдэнт у гісторыі алімпійскага руху.
“Мы перамаглі не па юрыдычных зачэпках, а па стопрацэнтных доказах, ― узгадвае Вадзім Дзевятоўскі барацьбу са спартыўнымі чыноўнікамі. ― У адваротным выпадку наўрад ці такі паважаны суд мог аддаць нам перамогу. Было зразумела, што на баку МАКу і адміністратыўны рэсурс, і аўтарытэт. Але ж экспертыза паказала, што пробы А і Б, нібыта ўзятыя ў нас, ― розныя".
Еўрарадыё: Атрымліваецца, што мела месца ці памылка, ці падтасоўка?
Вадзім Дзевятоўскі: Пра гэта можна пачытаць у рашэнні суда. Быў страчаны кантроль над пробай. Было немагчыма выявіць, гэта была проба канкрэтнага спартсмена ці некага іншага. Быў цягам судовых пасяджэнняў яшчэ адзін паказальны эпізод, які, на маю думку, выглядаў як правакацыя. МАК прадаставіў падчас слуханняў у судзе адзін дакумент, які не быў прыняты з-за пратэрмінаванага дэдлайну. Чамусьці паперу не падалі падчас дасудовых разбіральніцтваў, якія цягнуліся два гады. А некаторыя журналісты, не разабраўшыся, выставілі сітуацыю так: Ціхан і Дзевятоўскі перамаглі менавіта з-за таго, што суд не прыняў гэты дакумент. У той жа час МАК нават не стаў апратэстоўваць рашэнне суда ў вышэйшых інстанцыях.
***
Пасля выйгранага Дзевятоўскім і Ціханам суда шэраг беларускіх лёгкаатлетаў аказаліся ўцягнутымі ў гучныя допінг-скандалы.
Спачатку з Алімпіяды-2012 проста ў дзень спаборніцтваў знялі Івана Ціхана. Нібыта знайшлі забароненыя рэчывы ў пераправераных допінг-пробах… Гульняў 2004 года. За тыя ж спаборніцтвы пад падазрэнне трапіла і дыскаболка Ірына Ятчанка.
Сёлета ў сакавіку было заяўлена пра яшчэ чатыры выпадкі допінгавых парушэнняў. Расследаванні распачалі наконт пробаў, узятых на чэмпіянаце свету-2005. Пад падазрэнне трапілі і Іван Ціхан, і Вадзім Дзевятоўскі, і Надзея Астапчук. Разбіральніцтвы наконт гэтых атлетаў працягваюцца, а штурхальнік ядра Андрэй Міхневіч ужо дыскваліфікаваны пажыццёва.
І, магчыма, ніхто б не сумняваўся ў аб’ектыўнасці допінгавых камісараў, каб не выйграны раней нашымі атлетамі суд і не той факт, што на допінгу ловяць менавіта беларусаў.
“Разбіральніцтвы па чэмпіянаце свету-2005 працягваюцца. Сёння я чакаю адпаведнага рашэння Федэрацыі. Мая абарона цалкам сфармулявана. Мне ёсць што распавесці, але я пакуль не магу казаць пра некаторыя рэчы публічна”, ― тлумачыць Вадзім Дзевятоўскі.
Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што ўсе гэтыя допінг-скандалы ― наўмысныя атакі на беларускіх лёгкаатлетаў. Некаторыя эксперты лічаць, што ў 1990-х і 2000-х гадах хворы быў увесь сусветны спорт, але з-за выйгранага ў 2010 годзе суда дастаецца сёння менавіта беларусам.
Вадзім Дзевятоўскі: Мне тэлефанавалі нават нямецкія журналісты і задавалі такое ж пытанне: чаму, на іх погляд, да нас такое прадузятае стаўленне? Нават канкурэнты гэтаму здзіўляюцца і хочуць разабрацца. Я буду да апошняга біцца і змагацца за гонар краіны. Ніякія атакі не заб’юць нашу школу, якую заснавалі прызёры і чэмпіёны Алімпійскіх гульняў. Насамрэч спецыялісты бачаць, што зараз адбываецца. Таму мы будзем чапляцца за апошні шанец.
Фота AFP