Дэпутаты пра законнасць Дэкрэта №3: Усё нармальна

Юрысты Беларускага Хельсінскага камітэта даслалі запыт у Палату прадстаўнікоў праз тыдзень пасля падпісання Дэкрэта №3 кіраўніком краіны. Сярод іншага ў запыце юрыстаў гаварылася пра сумнеўнасць Дэкрэта. Маўляў, ён і нашай Канстытуцыі не адпавядае, і міжнародным нормам. Дэпутаты юрыстам адказалі праз месяц, ліст з Палаты прадстаўнікоў у БХК атрымалі акурат у дзень галасавання па Дэкрэце.

Публікуем заўвагі юрыстаў і адказы дэпутатаў.

Юрысты: Канстытуцыя прадугледжвае толькі права беларусаў на працу, а не абавязак. У дадатак Беларусь ратыфікавала Міжнародную канвенцыю аб прымусовай працы №29, якая не дазваляе нікога прымушаць працаваць.

Дэпутаты: Улічваючы тое, што Дэкрэт не ўтрымлівае нарматыўных прадпісанняў, якія абавязваюць грамадзян займацца працоўнай дзейнасцю, довады аб увядзенні ў Рэспубліцы Беларусь прымусовай працы, на нашу думку, з’яўляюцца неабгрунтаванымі.

Юрысты: Дэкрэт №3 не адпавядае Канстытуцыі, яго адпаведнасць асноўнаму закону краіны павінен праверыць Канстытуцыйны суд.

Дэпутаты: Прававыя адносіны, прадугледжаныя Дэкрэтам №3, фармуюцца ўпершыню, і толькі практыка прымянення дазволіць выявіць праблемы па яго рэалізацыі, якія ў далейшым могуць быць урэгуляваныя шляхам унясення кіраўніком краіны зменаў і дапаўненняў у Дэкрэт.

Юрысты: Артыкул 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах” забараняе кіраўніку краіны прымаць дэкрэты і ўказы са зваротнай сілай.

Дэпутаты: Закон Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах” дапускае наданне нарматыўнаму прававому акту зваротнай сілы ў выпадку, калі гэта наўпрост прадугледжана ў самім прававым акце альбо ў акце аб увядзенні яго ў сілу.

Закон: “Артыкул 67. Дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і законы Рэспублікі Беларусь не маюць зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі яны змякчаюць або адмяняюць адказнасць грамадзян. Наданне зваротнай сілы не дапускаецца, калі нарматыўны прававы акт прадугледжвае ўвядзенне або ўзмацненне адказнасці за дзеянні, якія на момант іх здзяйснення не прыцягвалі за сабой указаную адказнасць або больш мяккую адказнасць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі