Dolce & Gabbana вырабілі духі для сабак, якія ім не патрэбныя — #ІхНоравы
Што акрамя Алімпіяды абмяркоўвае свет
Уся ўвага свету цяпер вакол Алімпіяды ў Парыжы. Людзі не толькі падтрымліваюць сваіх спартсменаў і захапляюцца неверагоднымі дасягненнямі чалавечага цела і духу, але і прыніжаюць тых, хто ім не падабаецца. Баксёрка з Алжыра прадэманстравала тэхніку і моц — але стала ахвярай нянавісці, бо выглядае не так, як патрабуе аўдыторыя.
Пра гэта, а таксама пра студэнцкае змаганне за будучыню ў Бангладэш і вар’яцтва свету высокай моды — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.
Прэм’ер-міністарка Бангладэш уцякла з краіны
Праз 15 гадоў на пасадзе Хасіна Ваджэд падала ў адстаўку, а ўладу ў краіне захапіла армія.
Да гэтага прывялі крывавыя пратэсты, якія працягваюцца з ліпеня і і ў якіх загінула не менш за 300 чалавек. У панядзелак 5 жніўня дэманстранты штурмавалі палац прэм’ер-міністаркі, але яна да гэтага моманту ўжо пакінула Бангладэш на верталёце. Мясцовыя СМІ пішуць, што борт прызямліўся ў Індыі.
Галоўнакамандуючы арміяй Вакер-уз-Заман аб'явіў аб фарміраванні часовага ўрада і абяцаў пакараць вінаватых у вулічных сутыкненнях.
Пратэсты ў Бангладэш пачаліся са студэнтаў. Яны выступілі супраць палажэння аб асаблівых правілах прыёму на працу на дзяржаўныя пасады. Згодна з імі, 30% з іх зарэзерваваныя для сваякоў ветэранаў барацьбы за незалежнасць у 1971 годзе.
У краіне 171 млн насельніцтва, і гэтая квота значна абмяжоўвае кар’ерныя магчымасці для многіх маладых людзей. Сістэму квот на адміністратыўныя пасты ўжо ўводзілі, але іх дзеянне прыпынілі ў 2018 — таксама пасля хвалі студэнцкіх пратэстаў. У канцы ліпеня Вярхоўны суд Бангладэш знізіў квоту аж да 5% — але гэта не задаволіла пратэстоўцаў.
Сацсеткі зацкавалі алжырскую баксёрку
Бо людзі вырашылі, што Іман Хеліф выглядае, як трансгендарная персона. І яе перамога ў баі з італьянкай Анджэлай Карыні на Алімпійскіх гульнях у Парыжы была няшчырай.
Гэта была ⅛ фіналу ў вазе да 66 кг. Бой працягваўся ўсяго толькі 46 секунд. Італьянка прапусціла некалькі прамых удараў і адмовілася змагацца далей, сказаўшы, што гэта няшчыры бой.
На алжырскую спартсменку праз гэта абрынулася вялізарная хваля крытыкі і нянавісці. Дайшло да таго, што журналісты звязаліся з бацькам Іман Хеліф, і ён вымушаны быў паказваць пасведчанне аб нараджэнні дачкі, каб давесці, што яна нарадзілася дзяўчынкай. Пасля ў сацсетках пачало гуляць відэа, на якім відаць, што Іман Хеліф не можа стрымаць слёз — да таго ёй крыўдна, што цкаванне закранула нават яе сям’ю.
Спярша баксёрка трымала маўчанне, але потым перапыніла яго:
"Я заклікаю ўсіх людзей свету выконваць прынцыпы Алімпійскай хартыі, устрымлівацца ад цкавання спартсменаў, бо гэта мае наступствы, сур'ёзныя наступствы. Гэта можа разбураць людзей, забіваць іх думкі, дух і розум. Гэта можа прывесці да расколу. І таму я прашу ўсіх устрымацца ад цкавання".
Dolce & Gabbana выпускае духі для сабак за €99
Водар для гадаванцаў італьянскі модны дом апісвае выразамі “безумоўная любоў”, “верны” і “гуллівы”. Спрэй не ўтрымлівае спірту і складаецца з “цёплых нот” іланг-ілангу, мускусу і сандалавага дрэва.
Флакон упрыгожаны пазалочанай лапай, і яго можна вешаць на ашыйнік з біркай — ясная рэч, таксама ад Dolce & Gabbana.
Духі называюцца Fefé — у гонар сабакі сузаснавальніка D&G Даменіка Дольчэ. У Еўропе і ЗША духі ўжо можна замовіць у інтэрнэце. Кошт аднаго флакона — 99 еўра.
У інтэрв’ю The Guardian cтаршы навуковы супрацоўнік Каралеўскага таварыства па прадухіленні жорсткага абыходжання з жывёламі Эліс Потэр кажа, што гэта дрэнная ідэя, бо нюх — вельмі важны складнік жыцця сабакі.
"Часам сабак могуць ачалавечваць, і межы паміж тым, што падабаецца сабакам, і тым, што мы, людзі, думаем, ім спадабаецца, могуць стаць размытымі. Сабакі залежаць ад свайго нюху, каб мець зносіны і ўзаемадзейнічаць з навакольным асяроддзем, а таксама з людзьмі і іншымі жывёламі ў ім. Таму мы раім пазбягаць прадуктаў, якія моцна пахнуць, такіх, як духі ці спрэі, тым больш, што некаторыя пахі могуць быць сапраўды непрыемнымі для сабак", — перасцерагае спецыяліст.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.