Домрачава датэрмінова выйграла малы Крышталёвы глобус у спрынце
Гэта пятая такая ўзнагарода ў беларускай біятланісткі.
У заліку спрынтарскіх гонак Дар'я Домрачава выйграла малы Крышталёвы глобус.
Як паведамляла Еўрарадыё, у спрынце на чэмпіянаце свету 7 сакавіка беларуская біятланістка заняла 25-е месца. Пры гэтым яна апярэджвае сваю бліжэйшую пераследніцу фінку Кайсу Макярайнен на 64 балы: у Домрачавай 368 ачкоў, у Макярайнен — 304.
У календары Кубка свету, як адзначае "Прессбол", засталася толькі адна спрынтарская гонка — на заключным этапе ў Ханты-Мансійску. Пераможца гэтай гонкі зможа атрымаць толькі 60 ачкоў. Гэта азначае, што Домрачава застанецца недасяжнай.
Адзначым, што для нашай суайчынніцы гэта пяты малы Крышталёвы глобус. Домрачава выйгравала залік гонак з масавым стартам (2011, 2012, 2014) і гонак пераследу (2012).
Фота — kp.by