"Думаў, гэта на месяц": беларусы, якія з'ехалі і спадзяваліся хутка вярнуцца

Эміграцыя / ej.by
Эміграцыя / ej.by

З пачатку пратэстаў у Беларусі прайшоў ужо год. Тысячам нязгодных з рэжымам Лукашэнкі давялося шукаць сабе новы дом за межамі краіны.

Мы пагаварылі з вымушанымі мігрантамі. Яны любяць Беларусь, не планавалі надоўга з'язджаць з яе, а калі давялося — спадзяваліся на хуткае вяртанне. Маналогі пра складанасці эміграцыі, трывогу за блізкіх і планы на будучыню.

Дар'я Бабенка, Чэхія

(пацярпелая ад выбуху святлошумавой гранаты ў Наваполацку)

“Думал, это на месяц”: белорусы, которые уехали и надеялись скоро вернуться
Дар'я / Еўрарадыё

Чаму я з'ехала? У Наваполацку ў жніўні ў час пратэставай акцыі мяне параніла святлошумавой гранатай: "множныя аскепкавыя пашкоджанні левай галёнкі, сцягна, грудной клеткі, лабка, разрыў правай барабаннай перапонкі". У мясцовай паліклініцы гэтую траўму ў мяне лячыў уролаг. Ён спрабаваў ажывіць некаторыя тканкі, якія трэба было проста выдаліць.

Валанцёр з "ИМЁН" расказаў мне пра праграму ў Чэхіі, якая дапамагае лячыць людзей, параненых у час пратэстаў. Я вырашыла паспрабаваць адправіць дакументацыю і туды з'ехаць. Па-першае, гэта здавалася лепш, чым лячэнне уролагам у Наваполацку. Па-другое, стала вядома, што параненых на пратэстах пачалі затрымліваць. У ноч пратэстаў мяне таксама затрымлівала міліцыя, следчы прыходзіў.

Гэта ўспрымалася як паездка на лячэнне. З сабой брала маленькі чамадан на два тыдні: летнія рэчы, шорты, спартыўныя штаны, кофту... мінімальны набор. Потым мне бацькі дасылалі тое, што я пакінула.

Пазней я зразумела, што вярнуцца не атрымаецца хутка. Я адразу не верыла ў хуткую перамогу, але спадзявалася, што перамены ўсё ж адбудуцца. Разуменне, што трэба заставацца, прыйшло пасля таго, як у мяне знялі грошы з рахунку, якія на лячэнне пералічыў ByHelp. Потым следчы патэлефанаваў майму брату, маўляў, мне трэба напісаць, што я не маю прэтэнзій, альбо напісаць заяву, каб пачалі расследаванне наконт маіх ран.

Ведаючы сябе, я б яшчэ выходзіла на пратэсты. І паколькі ў мяне ўжо быў досвед, мяне б, думаю, затрымалі. Таму ў снежні ў Чэхіі вырашыла падавацца на бежанства. Заяву было цяжка пісаць. Было складана паверыць, што ты не паедзеш дадому. Спадзявалася, што, можа, да лета ўсё зменіцца.

Вельмі цісне тое, што няма магчымасці паехаць дадому. Таксама ёсць псіхалагічныя праблемы, звязаныя з атрыманай траўмай. Перыядамі становіцца вельмі цяжка. У мяне быў досвед вучобы за мяжой, у Францыі, але тады заўсёды была магчымасць пабачыцца з сям'ёй, прыехаць дадому, а цяпер няма, і гэта цяжка.

Планы? Змірыцца з тым, што ў найбліжэйшы час нічога не зменіцца. Самая складаная мэта. А так, я была прынятая на магістарскую праграму ў Парыжы, знайшла працу ў чэшскай карпарацыі з англійскай і французскай мовамі. Але складана будаваць планы, калі ты не разабраўся з мінулым. Апошні год я быццам бы не жыла, хацелася б выправіць гэта.

Аляксандр, Украіна

(сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі)

“Думал, это на месяц”: белорусы, которые уехали и надеялись скоро вернуться
Украіна / Еўрарадыё

Я з'ехаў у ліпені, да выбараў. Я ўваходзіў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы, а таксама дапамагаў штабу з ІТ-праектамі. У сярэдзіне ліпеня з'явілася адчуванне небяспечнасці ў Мінску. Мне хацелася працягваць працаваць і дапамагаць грамадскім ініцыятывам, пры гэтым знаходзячыся ў бяспецы, у спакойнай абстаноўцы.

Я ўзяў пакетны тур у адну з балканскіх краін, у мяне быў зваротны білет. Узяў адзін чамадан з абмежаванай колькасцю летніх рэчаў, наяўныя грошы. Пазней абстаноўка ў Беларусі стала абвастрацца, пачалі зрываць мітынгі Ціханоўскай — стала зразумела, што будзе горача. Потым у Беларусі знік інтэрнэт. Пасля 9 жніўня я вырашыў пачакаць з вяртаннем і застацца за мяжой. Думаў, што стане бяспечней — тады і вярнуся.

Але сітуацыя ў Беларусі толькі пагоршылася. Скончылася маё бязвізавае знаходжанне ў адпачынку, і я паляцеў ва Украіну. Спачатку пажыў у Кіеве, потым перабраўся ў іншы горад — на поўдзень. Настрой жніўня-верасня — пратэст вось-вось пераможа і можна будзе вярнуцца. Спачатку я здымаў жыллё на тыдзень, потым — на месяц, на два.

Пастаяннае жыллё я зняў толькі ў сакавіку. Тады ўжо прыйшло разуменне, што я эмігрант. Што трэба не сядзець на чамадане, а ўладкаваць жыццё там, дзе я ёсць: купіць бытавыя дробязі накшталт фільтра для вады і праса, пачаць будаваць доўгатэрміновыя планы. Гэта дапамагае прыйсці ў нармальны стан, трохі выдыхнуць. Я працягваў працаваць аддалена, у гэтым сэнсе мала што памянялася. Да мяне пераехала з часам дзяўчына, мы тут пажаніліся. Сябры прыязджаюць у госці. Людзі з Беларусі прыязджаюць бледныя, спалоханыя, шарахаюцца ад людзей у форме. За тыдзень у бяспецы трохі адыходзяць, нават колер твару змяняецца.

Мне рызыкоўна вяртацца. Цяпер саджаюць любых актывістаў, нават не актывістаў — журналістаў. Жыць з пачуццём пастаяннай пагрозы я не хачу. Эміграваць я не збіраўся: нарадзіўся ў Мінску, тамсама хачу і жыць. Хачу вярнуцца дадому, рабіць нешта карыснае для горада, краіны. Лета і восень паказалі, што лепш, чым дома, нідзе не будзе. Ёсць маса людзей, якія хочуць жыць па-нармальнаму, браць адказнасць за жыццё краіны, гэта людзі крэатыўныя, прыгожыя. Гэты той народ, часткай якога хочацца быць.

Лукашэнка сыдзе. Першы час, можа, будзе сумна, але ёсць адчуванне, што ў нас усё яшчэ цудоўныя перспектывы. Ты разумееш, што ты частка гэтага народа і ў цябе шмат з ім агульнага, а за мяжой, нават у блізкай культурна краіне, культурны код адрозніваецца. Напэўна, я б пераехаў з Украіны далей на захад, калі б не верыў, што змагу хутка вярнуцца.

“Думал, это на месяц”: белорусы, которые уехали и надеялись скоро вернуться
Украіна / Еўрарадыё

Эміграцыя — гэта няпроста. Ва Украіну проста з'ехаць, але складана застацца. Першыя паўгода — бязвіз, а далей трэба афармляць ВНЖ. Для гэтага патрэбныя падставы. Бюракратыя даволі складаная.

У цэлым адрозненняў шмат. Украіна — краіна з радыкальна большым узроўнем свабоды. Тут усё, што не забаронена, дазволена. Свабода прадпрымальніцтва, на рагах пункты ўсюды, паліцыі мала, яе ніхто не баіцца. Гэты дух свабоды хутка ўбіраеш і таксама перастаеш баяцца, што чагосьці нельга.

Дзяржава ў прынцыпе менш улазіць у жыццё грамадзяніна. З аднаго боку, яна цябе не кантралюе ўсюды. З другога — дзяржава не паспявае своечасова мяняць інфраструктуру, рамантаваць нешта. Калі ў кагосьці няма тэрмінала ці не выдаюць чэкі, ты не адправіш туды праверку. Дамовы на арэнду кватэр ніхто не рэгіструе: не хочуць плаціць падаткі. Выходзіць, людзі самі вырашаюць, як распарадзіцца грашыма. Па адчуваннях, у Беларусі больш сталае грамадства. У нас людзі хочуць жыць па законах, ва Украіне не хочуць — проста не вераць, што ўсе яго будуць выконваць.

З'язджаць варта, калі ў Беларусі вам дрэнна. Не ўяўляю, як бы пражыў гэты год у Беларусі ў атмасферы страху і несвабоды. Мне здаецца, важна захаваць сваё здароўе — фізічнае і псіхічнае, каб, калі ўсё адбудзецца, вярнуцца і дапамагаць сваёй краіне будаваць будучыню.

Максім Паршута, Польшча

(супрацоўнік НАУ)

“Думал, это на месяц”: белорусы, которые уехали и надеялись скоро вернуться
Максім / instagram

Я з'ехаў у сярэдзіне снежня. У час пратэстаў я валанцёрыў, хадзіў на маршы, вёў сацсеткі. Але зімой з'явілася думка ўзяць адпачынак за свой кошт і ператварыць маё валанцёрства ў паўнавартаснае супрацоўніцтва з НАУ. Я аформіў гуманітарную візу ў Польшчу.

Думаў, што за гэты адпачынак мы паспеем перамагчы, ды яшчэ і адпачыць з'ездзіць. Была ўпэўненасць, што за паўгода ўжо дакладна справімся. З сабой узяў чамадан зімовых рэчаў, летняга адзення нават не бралі. Я свядома не інтэгруюся ў Польшчы, не вучу польскую, хоць і разумею, што гэта няправільна. Такая вось пазіцыя чалавека, які прыехаў ненадоўга.

Вядома, бываюць думкі пра тое, што я яшчэ не хутка змагу вярнуцца дадому. Але, як правіла, гэта хутка праходзіць. Робім усё для таго, каб краіна стала свабоднай. Усё яшчэ няма адчування, што мы з'ехалі назаўжды, гэта часовы ад'езд.

Што было б, калі б я застаўся ў Мінску? Сядзеў бы. Але я вельмі сумую па краіне, вядома. Бачыцца з усімі складаней стала. З сям'ёй не бачыліся са снежня. Сябры з часам таксама выязджаюць з Беларусі, бачымся ў іншых краінах. Па Мінску сумую.

Адчуванне твайго — каштоўнейшае за многія матэрыяльныя моманты. У Мінску ёсць знакавыя месцы, звязаныя з людзьмі. Я бачыў, як развівалася Кастрычніцкая, і мне хочацца глядзець, як краіна развіваецца далей.

Пашанцавала, што я заспеў час актыўных вулічных пратэстаў, гэтыя зарады энергіі. Адчуванне прысутнасці ў гістарычнай падзеі падбадзёрвае. Пры гэтым ёсць і туга, калі чытаеш навіны пра затрыманых знаёмых, сяброў. Пасля журфака я звязаны з многімі журналістамі. Часам узнікае жаданне ўсё кінуць і паехаць дапамагчы.

Польшча — гэта краіна, якой магла б быць Беларусь. Варшава камфортная, тут развіты транспарт, крамы, тут такія самыя ветлівыя людзі. Тут таксама чыста, узровень жыцця ў сярэднім вышэйшы. Бывае, што накатваюць думкі: беларусы маглі б жыць не горш, калі б не дыктатура.

Цяпер я яшчэ колькі часу знаходжуся ў Грузіі. Звяртаю ўвагу на сілавікоў. Па звычцы чакаеш дрэннага, а тут бачыш, што грузінскі паліцэйскі размаўляе з турыстамі, раіць, дзе паесці. Нармальна думаць, што яны дапамогуць, а не прычыняць шкоду. Бо гэта сэрвіс па абароне грамадзян.

Многія за мяжой падтрымліваюць беларусаў. У нейкі момант стала звычкай самому загаворваць з таксістамі. Расказваю ім пра нашу сітуацыю. Многія перажываюць. Беларусаў любяць, гэта факт. Хоць нас і спрабавалі пераканаць, што мы жывём на лапіку зямлі і нікому не патрэбныя.

У мяне ніколі не было жадання з'язджаць з Беларусі. Мне вельмі хацелася б жыць у сваёй краіне, а ў іншыя — проста падарожнічаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі