Дырэктар інстытута "Белчыгунпраект" трапіўся на хабары ў $100 тысяч
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на дырэктара праектна-вышукальнага прадпрыемства "Інстытут "Белчыгунпраект".
Як паведамляе БелаПАН, праваахоўнікі выявілі, што дырэктар прадпрыемства атрымаў хабар ад заснавальніка і кіраўніка камерцыйных структур у памеры каля 100 тысяч долараў ЗША. За гэта ён абяцаў заступніцтва і спрыяльнае вырашэнне пытанняў, звязаных з прадастаўленнем аб'ёмаў работ і іх своечасовай аплатай.
Акрамя таго, ёсць доказы таго, што дырэктар, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці прычыніў шкоду дзяржаўнаму прадпрыемству ў асабліва буйным памеры.
Падазраванага ўзялі пад варту. Каб выявіць усе акалічнасці справы, следчыя правялі ператрусы. Падчас іх канфіскавана больш за 800 тысяч долараў.
Фота — sb.by