Дызайнерка Вольга Кардаш: мая забастоўка пачалася яшчэ ў жніўні

Дызайнерка Вольга Кардаш
Дызайнерка Вольга Кардаш

Пасля падзей 9-11 жніўня дызайнерка Вольга Кардаш вырашыла, што больш не хоча працаваць у Беларусі, і абвясціла пра закрыццё шоўрума. Яе апошні гучны праект у Мінску — футболкі з лагатыпамі прадпрыемстваў, якія бастуюць. Гэту серыю дызайнерка выпусціла ў канцы жніўня, а ўжо 3 верасня была вымушаная з'ехаць з краіны.

Цяпер Вольга жыве ў Польшчы. Паміж Варшавай і Мінскам дзве гадзіны розніцы ў часе — гэта значыць, што, калі яна прачынаецца, з пратэставай радзімы часцей за ўсё ўжо прыходзяць навіны. Дызайнерка расказала Еўрарадыё, як актыўнай удзельніцы жнівеньскіх пратэстаў цяпер сачыць за падзеямі праз "Тэлеграм" і як хочацца прыехаць не ў Мінск нават, а ў Слуцк, каб нарэшце абняць бабулю.
 

Партызаншчына натхняе

— Як вам навіны з Мінска?

— Заўсёды ёсць завышаныя чаканні ад забастовак, пратэстаў. А калі мы знаходзімся не ў Мінску, у нас яны звышзавышаныя. Калі я гляджу навіны, мне хочацца большага. Я думаю: ну блін, чаму мы гэтага не зрабілі, чаму ўсе заводы не сталі. Але трэба разумець, што мы проста не знаходзімся ў той сітуацыі, у якой знаходзяцца хлопцы на заводзе.

Не скажу, што падтрымліваю сувязь з нейкімі заводамі. Проста ведаю хлопцаў, якія там працуюць. Наколькі я ведаю, ідзе больш сур'ёзная барацьба, чым многія думаюць, і гэта партызаншчына мяне натхняе. Ёсць надзея, што ў адзін момант нешта здарыцца і мы заўтра прачнёмся ў новай Беларусі. Мы ўжо ў новай Беларусі, проста прачнёмся пераможцамі.

Дизайнер Ольга Кардаш: моя забастовка началась ещё в августе
Вольга Кардаш на акцыі пратэсту ў Мінску

— Шкадуеце, што давялося з'ехаць?

— Я ўвесь час рыдаю, калі гляджу навіны з вялікіх маршаў, і шкадую, што я не там. З такога маршу ідзеш з бурай энергіі. Гэта як батарэечка: ты цэлы тыдзень пакутуеш, не ведаеш, што будзе, колькі прыйдзе чалавек, ці будуць разгоны — чаго чакаць? А потым прыходзіш на марш — і на гэтай падзарадцы жывеш да наступнага.

Памятаю самую першую акцыю з кветкамі на Камароўцы ў жніўні. Я прыйшла адна, запаркавалася ў двары, а потым аказалася, што ў тым двары прыпаркаваліся і бусікі. А я ўся ў белым, з кветкамі — проста бяры і грузі ў аўтазак. Не ведала, як забраць машыну.

Цяпер усё па-іншаму: я гляджу, як мая сястра, мае сябры ходзяць на маршы, у іх новыя эмоцыі і пачуцці, а я не ведаю, якія менавіта. Я збоку назіраю, радуюся, плачу, ганаруся беларусамі.

Я ні кропелькі не шкадую пра тое, што дадумалася зрабіць гэтыя футболкі. Гэта рызыкоўная штука, але рызыкоўна і проста выйсці на вуліцу, выйсці на любую акцыю, дзе цябе могуць загрэбці ні за што. Я нават цяпер гляджу — у мяне навіны вылазяць, — што адбываецца ў Мінску. Гэта класна.

— Як гэта — назіраць за падзеямі збоку?

— Мне хочацца назад. З кожным днём мацней. Пакуль сёння гатавала сняданак, казала мужу, што адчуваю сябе вельмі ўразліва ад таго, што не ведаю, калі змагу вярнуцца дадому. Не ведаю, ці стане краіна, у якой знаходжуся цяпер, для мяне калі-небудзь роднай, ці буду адчуваць сябе як дома.
 

Рабочыя — нашы супергероі

— Як прыдумалі серыю з "футболкамі салідарнасці"?

— Нашы рабочыя — гэта нашы новыя супергероі. Калі рабочыя на заводзе МЗКЦ крычалі Лукашэнку "Сыходзь!", гэта давала пачуццё нейкай суперсілы. І тады ў мяне з'явілася жаданне зрабіць сабе футболку з лога прадпрыемства. У выніку з'явілася калекцыя футболак — увесь прыбытак ад іх мы пералічылі фонду салідарнасці.

Потым стала зразумела, што хутка нас пачнуць ціснуць з усіх бакоў. Мая задача была сабраць максімальную колькасць заказаў да таго, як гэта здарыцца, каб паспець перадаць як мага больш грошай фонду. Яшчэ да таго, як у наш адрас паступілі прэтэнзіі ад кіраўніцтва заводаў, мы прыпынілі прыём заказаў.

— Праз гэты праект пачаліся праблемы?

— Не было званкоў з пагрозамі, але я атрымала два сігналы — ад сяброў і ад незнаёмага чалавека — пра тое, што пад мяне капаюць. Я зразумела: каб разабрацца ў сітуацыі, трэба з'ехаць.

Мой муж да гэтага моманту ўжо знаходзіўся ў Польшчы. У нас з ім яшчэ да выбараў адбылася размова, мы абмеркавалі, вырашылі, што ў найбліжэйшыя пару гадоў будзе цяжка пры любым зыходзе. Новаму прэзідэнту дастанецца разрабаваная дзяржава, у цяжкай сітуацыі апынуцца людзі. Мы разумелі, што хочам падтрымліваць эканоміку краіны, але зможам гэта рабіць, толькі знаходзячыся за яе межамі.

Калі ў жніўні муж з'ехаў, я маральна рассталася з ім на паўгода — разумела, што праз "карону" нікуды не змагу выехаць. Але выйшла інакш: ён пакінуў Беларусь 12 жніўня, а я — 3 верасня. Не хачу хлусіць і гаварыць, што я ўсё кінула. Так, кінула, але я загадзя разумела, што гэта давядзецца зрабіць.

Я паехала, таму што на волі я важнейшая, патрэбнейшая. Я разумею, што многія могуць мяне асудзіць, але паспрабуйце паставіць сябе на маё месца. Мяне ў нейкі момант накрыла разуменне таго, што я буду бяссільная, апынуўшыся за кратамі. І гэта самаахвяраванне мне здалося бессэнсоўным.

Толькі што заязджала сяброўка Аня — прасіла адкласці ёй футболку. У нас сёння ўсе хочуць футболку. Зразумела якую.
 

Цяжка быць без працы

— Вы ўжо больш за месяц жывяце ў Польшчы — атрымліваецца працаваць?

— Цяпер я не працую. У першы тыдзень жніўня не працавала таму, што была назіральніцай на сваім участку для галасавання. Пасля 9 жніўня ў мяне не было эмацыйных сіл працаваць. У мяне быў толькі боль, я ўвесь час плакала. Пасля таго як ты ўцякаеш ад узброеных людзей, у цябе ляцяць святлошумавыя гранаты, пра якую працу можа ісці гаворка? Ты на вайне, цябе трасе.

Я запісала відэазварот у "Інстаграме" і сказала, што мы больш не працуем. Пры такой сітуацыі ў краіне я адмаўляюся працаваць, плаціць падаткі і што-небудзь рабіць у краіне пры дзейным кіраўніцтве. Мая забастоўка пачалася ў жніўні. Я не планую аднаўляць работу брэнда ў Беларусі. Цяпер я думаю, як наладзіць работу ў Польшчы.

Вельмі цяжка быць без працы. Я прывыкла нешта рабіць, у Мінску пастаянна адбывалася нешта добрае, а тут усё спынілася. І час для мяне спыніўся.

Калі ўсё вернецца, я думаю, мы проста будзем беларуска-польскай кампаніяй. Я не хачу рабіць у Беларусі цяпер хоць нешта, у мяне няма на гэта эмацыйных сіл. Але як толькі пераможам, я прыеду ў Мінск і буду аднаўляць работу.

Дизайнер Ольга Кардаш: моя забастовка началась ещё в августе
Вольга Кардаш (злева) падчас акцыі салідарнасці ў Варшаве

— Ваш ад'езд быў спланаваны, але ўсё ж — цяжка было нанова арганізаваць жыццё, побыт?

— У нас у Польшчы шмат сяброў. Не так даўно быў канцэрт Naviband, там сабралася шмат беларусаў. Некаторыя з'ехалі менавіта пасля жнівеньскіх падзей.

Я спадзяюся, што беларускае кам'юніці пачне рабіць новыя акцыі. Нядаўна быў пратэст каля беларускай амбасады, у якім удзельнічаў Сяргей Дылеўскі.

 

Вельмі хачу прыехаць да бабулі

— А чым зоймецеся, калі вернецеся ў Мінск?

— Я вельмі хачу прыехаць да бабулі. Праз "карону" мы спецыяльна ігнаравалі бабулю, не ездзілі да яе, таму што разумелі, што можам яе заразіць. Ёй ужо 89 гадоў, у яе слабае здароўе, як і ў многіх у гэтым узросце.

Першыя месяцы, калі карона ўсіх атакавала, мы сядзелі дома. Потым пачалі камунікаваць з сябрамі, выбіралі для сябе сацыяльна дапушчальныя нормы, а з чэрвеня пакаціліся акцыі пратэсту. Мы забыліся пра каранавірус, але забыліся ў межах Мінска. Да бабулі па-ранейшаму не ездзілі. Я не бачыла бабулю з мінулага года. Як толькі з'явіцца магчымасць прыехаць у Мінск, я паеду праз Слуцк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі