Дзярждэп: Расійскія наёмнікі спрабавалі атакаваць сілы ЗША ў Сірыі
Расійскія наёмнікі спрабавалі атакаваць сілы ЗША ў Сірыі, але іх напад праваліўся. Пра гэта памочнік дзяржсакратара Злучаных Штатаў Уэс Мітчэл заявіў у сваіх пісьмовых паказаннях міжнароднаму камітэту палаты прадстаўнікоў у Кангрэсе ЗША. Дакумент абнародаваны на сайце Белага дома.
"Безразважнае ўмяшанне Расіі ў Сірыі і падтрымка рэжыму Асада павысілі рызыку канфрантацыі з Захадам. Нядаўняя няўдалая атака расійскіх наёмнікаў на сілы ЗША ў Сірыі была адным з ацверажальных прыкладаў такіх паводзінаў", — падкрэсліў Мітчэл.
У сваіх паказаннях памочнік дзяржсакратара дадаў, што Вашынгтон не імкнецца да канфрантацыі з Масквой у Сірыі. На яго думку, вырашыць канфлікт у Сірыі можна толькі на перамовах у Жэневе. "Мы падштурхоўвае Расію да таго, каб яна была канструктыўным удзельнікам гэтага працэсу і прывяла Асада за стол перамоваў. Дагэтуль Расія ігнаравала гэтыя заклікі і замест гэтага стала зрываць перамовы", — дадаў чыноўнік.
Нагадаем, што 7 лютага сілы міжнароднай заходняй кааліцыі нанеслі масіраваны авіяўдар па войсках Башара Асада. Амерыканскія вайскоўцы казалі, што гэта іх адказ на тое, што прыхільнікі Башара Асада атакавалі штаб "Сірыйскіх дэмакратычных сілаў", якіх падтрымлівае Вашынгтон.
Пазней СМІ паведамілі, што ў атацы на "Сірыйскія дэмакратычныы сілы" ўдзельнічалі таксама расійскія наёмнікі з прыватнай ваеннай карпарацыі Вагнера. Звесткі пра загінулых моцна адрозніваліся: ад васьмі да двухсот забітых расіян.