ЕАБР прагназуе інфляцыю па выніках года ў Беларусі вышэй за 9%
За пяць месяцаў гэтага года цэны ў Беларусі выраслі на 5,2% / intex-press.by, фота — Андрэй Балко
Інфляцыя ў Беларусі па выніках года можа перавысіць 9%, прагназуюць у Еўразійскім банку развіцця (ЕАБР). Рост цэнаў у траўні да траўня 2020 года склаў 9,4%. У красавіку гэты паказчык быў трохі ніжэйшы і склаў 8,6%.
У найбліжэйшыя месяцы, мяркуюць у ЕАБР, інфляцыя "застанецца вышэйшай за 9%".
"Істотнае праінфляцыйнае ўздзеянне аказвае рост цаны паліва", — тлумачаць у банку. Нагадаем, з пачатку года цэны на паліва ў Беларусі мяняліся ўжо 17 разоў.
Акрамя таго, на тэмпы інфляцыі ўплывае рост сусветных цэнаў на прадукты харчавання, металы і будматэрыялы, а таксама імаверныя цяжкасці ў транспартна-лагістычных ланцужках і паскарэнне росту цэнаў у Расіі.
Нагадаем, першапачаткова Нацбанк прагназаваў гадавую інфляцыю ў 2021 годзе на ўзроўні не больш за 5%. Аднак у красавіку гэты прагноз адкарэктавалі — да 7%.
"Чакаецца, што гадавы тэмп росту цэнаў павялічыцца ў 2 квартале ў параўнанні з цяперашнім значэннем і затым знізіцца да канца гэтага года", — патлумачылі тады сваё рашэнне ў Нацбанку.
Паводле апошніх дадзеных Белстата, за пяць месяцаў гэтага года цэны ў Беларусі выраслі на 5,2%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.