Эканаміст: Абменнікі закрыюцца, банкам больш не выгадна мяняць валюту
Яраслаў Раманчук таксама мяркуе, што перамены моцна адаб’юцца на ўсім камерцыйным банкаўскім сектары краіны.
22 снежня Нацбанк прымусіў банкі краіны наблізіць курсы набыцця валюты ў насельніцтва да рэальнага курса продажу, які вызначаецца ўжо з улікам 30% збору. Некаторыя эксперты мяркуюць, што гэты крок прывядзе да закрыцця абменнікаў.
“Банкі прымушаюць прадаваць валюту, якой таксама пакуль няма. Нават сёння будуць прымушаць прадаваць па 14 700 — 14 800. А на рынку ўжо можна атрымаць за 15 — 16 тысяч. Будуць страты. Плюс дадамо да гэтага тое, што падатак на банкаўскія прыбыткі і прыбыткі страхавых арганізацый таксама павялічыўся да 25%. Так што банкі ў шоку, ім такі бізнэс не патрэбны. Я прагназую, што камерцыйная дзейнасць банкаў будзе скарачацца”, — гаворыць эканаміст Яраслаў Раманчук.
Ад раніцы 23 снежня на банкаўскіх экранах з курсамі валют у Беларусі можна назіраць незвычайную карціну: курс продажу долараў і еўра значна меншы за курс набыцця. Розніца даходзіць нават да 3 тысяч рублёў.
Фота — tut.by