Эксперт: Пазбаўляючы Беларусь нафты, Расія ўдарыць па сабе
Страты праз магчымае скарачэнне паставак панясуць не толькі беларускія, але і расійскія прадпрыемствы.
Эксперт у галіне энергетыкі і нафтахімічнай прамысловасці Таццяна Манёнак лічыць, што Расія не пойдзе на абмежаванне паставак нафты ў Беларусь. Відавочна, Крэмль хоча скарыстацца “нафтавым рычагом”, каб націснуць на афіцыйны Мінск у “калійнай вайне”. Але эканамічныя інтарэсы прымусяць расіян абмежавацца заявамі і папярэджаннямі, лічыць эксперт.
Таццяна Манёнак: “Калі скарачэнне адбудзецца, гэта будуць сур’ёзныя страты для Беларусі. Але гэта будуць страты і для расійскіх кампаній. Яны ж нясуць адказнасць перад спажыўцамі, яны падпісалі пэўныя дамовы! Таму лобі будзе і з гэтага, з расійскага боку. Бо страты сёння нікому не патрэбныя. А калі перакідаць нафту на той жа БТС-2 [Балтыйская трубапровадная сістэма II. — Заўв. Еўрарадыё], дык падлічана, што літаральна кожная кампанія панясе страты”.
Пастаўкі нафты ў Беларусь — гэта добрая магчымасць для расійскіх кампаніяў зарабіць, калі параўноўваць са звычайным экспартам нафты. “Калі Расія жорстка абмяжуе магчымасці гэтых кампаніяў, яна ўдарыць па сабе”, — упэўненая Таццяна Манёнак.
Да таго ж, сённяшнія “нафтавыя непаразуменні” могуць стаць аргументамі Беларусі падчас падпісання дакументаў па стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Праца над дамовай аб ЕЭС мусіць быць скончаная да 1 траўня 2014 года.
Фота — tsn.ua