Эксперт: Супярэчнасці паміж "Уралкаліем" і "Беларуськаліем" — невырашальныя
Беларусы і расіяне па-рознаму бачаць палітыку збыту калійных угнаенняў, мяркуе незалежны аналітык Сяргей Чалы.
Нагадаем, у аўторак стала вядома, што "Уралкалій" спыняе экспартныя пастаўкі праз Беларускую калійную кампанію. Такое рашэнне прыняў 29 ліпеня савет дырэктараў расійскай кампаніі. У распаўсюджанай заяве гаворыцца пра тое, што "супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі ў рамках БКК зайшло ў тупік". "Уралкалій" наракае на тое, што летась акрамя БКК права на экспарт калійных угнаенняў указам кіраўніка Беларусі атрымалі і іншыя структуры.
Незалежны аналітык Сяргей Чалы адзначае, што спрэчкі паміж кампаніямі пачаліся яшчэ раней, пасля скарачэння ў мінулым годзе попыту на калійныя ўганенні і зніжэння цэнаў. "Уралкалій", як больш арыентаваны на рынак, выйсце бачыў у скарачэнні вытворчасці, каб не дапусціць абвалу цэнаў на рынку. А "Беларуськалій", як адна з важных крыніц папаўнення валюты, атрымаў задачу працягваць "нарошчваць валютную выручку".
Чалы: "Я думаю, што гэта ўсё ж такі звязана з тым, што зусім па-рознаму ўяўляюць збытавую палітыку нашы і рускія. Відаць, тут супярэчнасці невырашальныя".
Дэмарш "Уралкалія" для беларускага боку ў кароткатэрміновай перспектыве, нібыта, "развязвае рукі". Але ў доўгатэрміновай перспектыве, мяркуе Чалы, гэта кепскі знак. Як вядома, БКК — найбуйнейшы экспарцёр калійных угнаенняў, доля паставак якіх на сусветны рынак дагэтуль складала 43%.
Фота — sb.by