Эксперт: Злівам інфармацыі пра “беларусаў-тэрарыстаў” ФСБ падставіла КДБ
Навошта расійскія СМІ са спасылкай на ФСБ залічылі двух беларусаў у тэрарысты і ці трэба чакаць ісламістаў у нашай краіне, распавядае кіраўнік праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.
Еўрарадыё: Пасля тэрактаў у Бруселі людзі пачалі вінаваціць еўрапейскія і ў прыватнасці бельгійскія спецслужбы ў няздольнасці справіцца з гэтай пагрозай, а таксама пайшлі абвінавачанні ў бок уцекачоў з Сірыі, на плячах якіх у Еўропу нібыта і трапілі тэрарысты. Ці абгрунтавана гэта?
Андрэй Паротнікаў: Абедзве гэтыя тэзы кульгаюць. Спецслужбы спрацавалі так, як яны маглі ў тых умовах, у тым ліку і палітычных, якія ім стварылі еўрапейскія палітыкі. Дрэнна спрацавала сістэма еўрапейскага дзяржаўнага кіравання. Да прыкладу, за некалькі месяцаў да падзеяў 22 сакавіка кіраўніцтва брусельскага аэрапорта звярталася да ўладаў з просьбай узмацніць меры бяспекі. Але гэтыя звароты былі пакінутыя без увагі.
І тое, што на плячах сірыйскіх уцекачоў у Еўропу пранікаюць тэрарысты, — пытанне спрэчнае. Ісламскі тэрарызм пачаўся ў Еўропе не год і не два таму — ён пачаўся ў 1990-я. Да ўсяго, асобы, выяўленыя і абвінавачаныя ў датычнасці да тэрактаў, маюць грамадзянства еўрапейскіх краін па нараджэнні. Гэта другое ці трэцяе калена арабскай эміграцыі ў Еўропу. Фармальна яны еўрапейцы.
Еўрарадыё: Кажуць, што ў Беларусі такое, як у Бруселі, немагчыма, бо нашы спецслужбы працуюць значна лепш. І іншы аспект: акурат напярэдадні тэрактаў Партыя БНФ звярнулася да ўладаў з патрабаваннем не пускаць уцекачоў з Сірыі ў Беларусь. Можа, калі гэта аб’яднаць, то і атрымліваем тлумачэнне адсутнасці ў нас тэрактаў?
Андрэй Паротнікаў: Наконт эфектыўнасці працы беларускіх спецслужбаў: праз колькі дзён мы будзем адзначаць 5-ю гадавіну выбуху ў мінскім метро. Так, злачынства было раскрытае, але пакараныя былі выканаўцы — арганізатары засталіся па-за публічнай часткай расследавання.
Еўрарадыё: Тэма арганізатараў увогуле не ўзнімалася — падавалася ўсё так, што Кавалёў з Канавалавым былі і арганізатарамі, і выканаўцамі…
Андрэй Паротнікаў: Цуды бываюць, але не думаю, што такое было тым разам. Хачу нагадаць, што на пасяджэнні Савета Бяспекі, якое адбылося адразу пасля выбуху, Лукашэнка сказаў: “Я вас папярэджваў, што спакойна жыць яны нам не дадуць”. Адкуль тыя “яны”, не прагучала, але адразу былі зробленыя захады па больш пільным кантролі на ўсходняй мяжы. Маўляў, каб туды не ўцяклі выканаўцы тэракту. Калі ж казаць пра апошнія падзеі, то Беларусь не з’яўляецца дэмакратычнай краінай, і тут спецслужбам значна прасцей працаваць. Тут рэчы, якія, магчыма, не зусім законныя, але мэтазгодныя, не крытыкуюцца, застаюцца па-за ўвагай грамадства, пракурорскага і судовага кантролю. І таму ў нашага КДБ ёсць перавагі перад еўрапейскімі калегамі, але гэта перавагі, якія вынікаюць з нашага палітычнага ладу, а не з таго, што яны такія прафесіяналы. Еўрапейскія спецслужбы працуюць не менш прафесійна за нашы.
А наконт Партыі БНФ скажу непаліткарэктна: пасля таго як спынілася замежнае фінансаванне, яны пачалі казаць тое, што можа прынесці ім дадатковыя балы на ўнутрыпалітычным полі. Беларусы — нацыя, якая не вельмі любіць чужынцаў, і такая заява палітычна мэтазгодная. Хоць і адарваная ад рэчаіснасці.
Еўрарадыё: Адразу пасля тэракту ў Бруселі ў расійскіх СМІ з’явілася інфармацыя, што тэракт нібыта здзейснілі людзі беларускага паходжання. Інфармацыя была бяздоказная і ў выніку не пацвердзілася. Гэта была звычайная пагоня за сенсацыяй ці нешта большае?
Андрэй Паротнікаў: Як высвятляецца, гэтая інфармацыя была журналістам мэтанакіравана перададзеная з ФСБ. Гэтыя людзі з Беларусі сапраўды некалі трапілі ў поле зроку КДБ і пэўны час знаходзіліся ў распрацоўцы, падчас якой высветліліся факты, да такой ступені складаныя для нашага КДБ, што спатрэбілася дапамога ФСБ. Падчас сумеснай праверкі высветліліся факты, якія наш КДБ палічыў неабходным перадаць бельгійскім спецслужбам… праз ФСБ. Не ведаю, ці трапіла з ФСБ гэта інфармацыя да бельгійскіх калег, але яна трапіла да "Лайф Ньюс". Відавочна, што гэта правакацыя, “падстава” КДБ з боку ФСБ. Мэта — уздзейнічаць на рускамоўную аўдыторыю "Лайф Ньюс". І паказаць: тут байкі расказваюць пра тое, які ў Беларусі парадак, жалезная дысцыпліна, але ўсё не так. Фактычна, гэта падрыў міфа пра беларускі цуд, які апошнія 20 гадоў старанна выбудоўваўся нашым афіцыёзам у тым ліку і для расійскіх спажыўцоў.
Еўрарадыё: Антыбеларуская рыторыка прысутнічае не толькі на асобных расійскіх парталах, але і ў сур’ёзных дзяржаўных структурах накшталт ФСБ?
Андрэй Паротнікаў: Цяжка сказаць, ці была антыбеларуская ідэя ў дзеяннях ФСБ, калі яны злівалі гэтую інфармацыю журналістам. Магчыма, гэта ўдар па канкрэтных людзях сярод кіраўніцтва КДБ. Бо цяпер, безумоўна, там пачнуцца вельмі сур’ёзныя разборкі, чаму гэтая інфармацыя трапіла ў Расію, ці сапраўды была неабходнасць прыцягваць да справы ФСБ і чаму нельга было звярнуцца да бельгійскіх калег праз МЗС ці Інтэрпол альбо Еўрапол? Мяркую, у будынку КДБ цяпер вельмі горача.
Еўрарадыё: А для іміджу Беларусі негатыўныя наступствы будуць праз гэтую інфармацыю пра беларусаў-тэрарыстаў?
Андрэй Паротнікаў: Безумоўна, будуць. Пра тое, што беларусы маюць дачыненне да тэракту ў Бруселі, інфармацыя прайшла некалькі разоў, а абвяржэнне было толькі раз. Таму ў людзей па-за межамі Беларусі, якія гэтую тэму пільна не адсочвалі, у галаве адаб’ецца, што ў Беларусі таксама ёсць ісламскія тэрарысты.
Еўрарадыё: Наколькі небяспека тэрактаў актуальная сёння для Беларусі?
Андрэй Паротнікаў: Актуальная, безумоўна, але пытанне, у якой ступені. Апошнія 20 гадоў Беларусь выкарыстоўвалася міжнароднымі тэрарыстамі ў трох мэтах. Першая — транзіт. Яны ехалі праз Расію ці з Расіі праз нас у Заходнюю Еўропу. Другая — гэта месца, дзе яны маглі “залегчы на дно”. У першую чаргу гэта тычыцца інсургентаў з Паўночнага Каўказа. Было шмат выпадкаў затрымання гэтых баевікоў на тэрыторыі Беларусі на запыты расійскіх спецслужб. І трэцяя мэта — вярбоўка. Але яна ажыццяўлялася кропкава сярод студэнтаў з арабскіх краін, што навучаюцца ў Беларусі. А Беларусь як мэта для ўдару міжнародных тэрарыстычных, у тым ліку ісламісцкіх, арганізацый не разглядалася. І пакуль разглядацца не будзе, як мне падаецца.
Еўрарадыё: Адказнасць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя “Ісламская дзяржава”. Паводле інфармацыі з Расіі, іх вайскоўцы падчас удзелу ў аперацыі ў Сірыі знішчылі безліч аб’ектаў і жывой сілы "ІД". Лагічна чакаць, што менавіта Расіі тэрарысты з "ІД" будуць помсціць, а яны абралі сваім аб’ектам Брусель…
Андрэй Паротнікаў: Расійскія спецслужбы ўжо амаль 30 гадоў змагаюцца з такімі тэрарыстамі і маюць добра напрацаваныя метады. А палітычная сістэма Расіі не накладае ніякіх абмежаванняў на такую іх дзейнасць. Другі момант: для тэрарыстычнай дзейнасці неабходная хоць нейкая інфраструктура. У Заходняй Еўропе такой інфраструктурай выступаюць арабскія ці ісламскія грамады, што ўзніклі ў гэтых краінах. Дарэчы, Брусель — не толькі цэнтр Еўрасаюза, але і цэнтр еўрапейскага ісламізму. А ў Расіі для такой актыўнасці "Ісламскай дзяржавы" пакуль умоваў няма — у іх дастаткова сваіх вар’ятаў, але менавіта "ІД" на тэрыторыі Расіі пакуль актыўна і збройна не працуе.
Фота Змітра Лукашука