Эксперты тры гады слухалі дыскі і вінілавыя кружэлкі, шукаючы "экстрэмізм"

Эксперты тры гады слухалі дыскі і вінілавыя кружэлкі, шукаючы "экстрэмізм"

Роўна праз тры гады мінчуку Яўгену Жураўскаму вярнулі амаль усе аўдыякасеты, CD-дыскі і вінілавыя кружэлкі, забраныя пры налёце на канцэрт у сталічным клубе "Піраты" 10 студзеня 2015 года, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Увесь гэты час аўдыяпрадукцыю правяралі на наяўнасць экстрэмізму. 

У заключэнні Рэспубліканскай экспертнай камісіі Міністэрства інфармацыі пад №100 ад 21 верасня 2017 года гаворыцца, што сярод пададзеных на экспертызу матэрыялаў выявіліся тыя, якія маюць прыкметы праяваў экстрэмізму. Такімі матэрыяламі былі прызнаныя вінілавыя кружэлкі "The Prowlers", "Produ z enten der froide", "Zla Krew", "Knights of the oppressed", а таксама ўкладыш да кружэлкі "Guts out". Таксама прыкметы экстрэмізму эксперты выявілі на чатырох CD-дысках: "Solidari Tat", "Social Workers", "Cios", "Rash revolt in Russia".

За выключэннем іх, усю астатнюю маёмасць (больш за 40 найменняў) вярнулі актывісту.

Дарэчы, у камісію ўваходзіла рэдактар ​​першай катэгорыі ДУ "Нацыянальная кніжная палата Беларусі" Алена Шаран з вышэйшай адукацыяй па спецыяльнасці "нямецкая мова, англійская мова". Тым не менш у заключэнні адзначана, што "інфармацыйная прадукцыя на замежных мовах не даследавалася, бо валоданне замежнымі мовамі не ўваходзіць у кампетэнцыю экспертаў".

Расшыфроўку розных абрэвіятур, эмблемаў і лагатыпаў, а таксама пошук інфармацыі пра музычныя калектывы і тэксты музычных кампазіцый экспертамі вялі на інтэрнэт-сайтах з дапамогай пошукавай сістэмы Google.

Такім чынам, самымі "экстрэмісцкімі" былі прызнаныя тыя вінілавыя кружэлкі, дзе на вокладцы была абрэвіятура АСАВ (варыянты расшыфроўкі: "All Cops Are Bastards" (усе копы — вырадкі) ці "All Coppers Are Bastards" (усе мянты — вырадкі)). Эксперты адзначылі, што гэтае выказванне абразлівае для прадстаўнікоў органаў правапарадку.

Сам Яўген Жураўскі лічыць заключэнне Рэспубліканскай экспертнай камісіі смешным і збіраецца абскарджваць яго. 

Налёт на мінскі клуб "Піраты" адбыўся ўвечары 10 студзеня 2015 года. На панк-канцэрт уварваліся супрацоўнікі міліцыі і АМАПу ў масках, якія паставілі ўсіх тварам да сцяны, а некаторых паклалі на падлогу. Не знайшоўшы наркотыкаў, міліцыянты затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку і Жураўскага, які меў пры сабе дыскі і вінілавыя кружэлкі. Атрыбутыку і дыскі забралі на экспертызу, а самому Жураўскаму вынеслі афіцыйнае папярэджанне — без ацэнкі экспертаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі