ЕС пракаментаваў ціск на беларускіх журналістаў

Сцягі Еўрасаюза / Еўрапейская камісія
Сцягі Еўрасаюза / Еўрапейская камісія

Беспрэцэндэнтны ціск на журналістаў працягваецца ў Беларусі. На цяперашні момант дзевяць супрацоўнікаў СМІ з'яўляюцца фігурантамі крымінальных спраў, трое з іх зняволены пад варту. Па адміністрацыйных справах былі затрыманы ці аштрафаваны дзясяткі журналістаў. Заблакаваны шэраг інтэрнэт-сайтаў, супрацоўнікі большасці замежных СМІ пазбаўленыя акрэдытацыі.

— Мы асуджаем замахі на свабоду прэсы, напады на журналістаў, у тым ліку шляхам іх затрымання, пазбаўлення акрэдытацыі ў сродках масавай інфармацыі або прымусу да пераакрэдытацыі ўсіх замежных журналістаў, а таксама абмежаванне работы інтэрнэту беларускімі ўладамі, — заявіў Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Петэр Стана.

Прадстаўнік Еўрасаюза падкрэсліў, што "журналістам павінна быць дазволена выконваць сваю працу без запалохванняў і штучных адвольных абмежаванняў з боку ўладаў, такіх як затрыманні або водзыў наяўных акрэдытацый".

— Такія дзеянні відавочна накіраваныя на абмежаванне свабоды інфармацыі і ўтойванне праўды ад беларускай і міжнароднай грамадскасці. Свабода сродкаў масавай інфармацыі і свабода інфармацыі — гэта ключавая частка любога дэмакратычнага грамадства, — падкрэсліў ён.

Афіцыйны прадстаўнік ЕС мяркуе, што замест запалохвання прадстаўнікоў СМІ і перашкаджання працы журналістаў "улады павінны засяродзіцца на адлюстраванні і задавальненні жаданняў і імкненняў беларускага насельніцтва, выяўленых беспрэцэдэнтным і мірным чынам у апошнія тыдні".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі