ЕС прыняў рашэнне пачаць перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы
"Перамога Украіны. Перамога ўсёй Еўропы. Перамога, якая матывуе, натхняе і ўмацоўвае"
Еўрасаюз прыняў рашэнне пачаць перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы. Пра гэта па выніках першага дня саміта паведаміў старшыня Савета ЕС Шарль Мішэль. Таксама прынята рашэнне даць статус кандыдата Грузіі і пачаць перамовы з Босніяй і Герцагавінай аб уступленні ў Еўрасаюз ("як толькі будзе дасягнута неабходная ступень адпаведнасці [краіны] крытэрам сяброўства").
Лідары краін ЕС змаглі дамовіцца, нягледзячы на тое, што Венгрыя выступала супраць такога рашэння. Меркавалася, што яно стане праблемай. Аднак ужо ў першы дзень саміта здарылася сапраўдная сенсацыя (пазней стала вядома, што рашэнне было прынятае ў адсутнасць прэм'ера Венгрыі, які перад галасаваннем выйшаў з залы).
"Перамога Украіны. Перамога ўсёй Еўропы. Перамога, якая матывуе, натхняе і ўмацоўвае", — напісаў у Х украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.