Еўракамісар Фюле прапанаваў прыняць Украіну ў Еўрасаюз

Еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле заяўляе, што Украіна можа далучыцца да ЕС.

“Калі мы хочам су’р’ёзна змяніць тую частку Усходняй Еўропы, якую закранулі цяперашнія падзеі, мы павінны выкарыстаць самы моцны інструмент палітыкі, які ёсць у ЕС — пашырэнне. Яно мае беспрэцэдэнтную эфектыўную і стабілізуючую сілу”, — адзначыў еўракамісар у інтэрв’ю радыёстанцыі Deutsche Welle.

Украінскі палітычны эксперт Віктар Небажэнка кажа, што такая заява, хутчэй, прапагандысцкі ход. І Фюле чакае рэакцыі Масквы альбо палітычных сілаў у самой Украіне. Але разам з тым варта чакаць і падпісання ў хуткім часе нейкага палітычнага дакумента паміж ЕС і Украінай.

Віктар Небажэнка: “Гэта своеасаблівая дыпламатычная кампенсацыя таго, што краіны-гаранты, якія забяспечваюць бяспеку Украіны пасля таго, як яна рассталася з атамнай зброяй, спрабуюць знайсці нейкія маральна-палітычныя довады падтрымкі”.

Суразмоўца Еўрарадыё сцвярджае, што ва Украіны цяпер няма іншага выйсця, як адкрываць межы і паварочвацца ў бок Еўрапейскага саюза. Хаця б з-за вельмі варожага стаўлення Расіі.

Тым часам беларускі палітолаг Алесь Лагвінец мяркуе, што абяцанне ЕС прыняць Украіну прадугледжвае і пэўную стабілізацыю.

Алесь Лагвінец: “Праз такую стабілізацыю, менавіта дэмакратычную, гаспадарчую, можна вырашыць і пытанне бяспекі. Бо калі Украіна будзе прывабнай для Крыма, для сваіх усходніх рэгіёнаў, то адпадзе пытанне тэрытарыяльнай цэласнасці”.

Відаць, на хуткае ўступленне Украіны ў ЕС разлічваць не выпадае. Але калі б яно адбылося, гэта магло б паўплываць і на тое, што адбываецца ў Беларусі, упэўнены Віктар Небажэнка

“Дзякуючы рэформам, дзякуючы мясцоваму самакіраванню, дзякуючы дробнаму бізнесу мы можам шмат чаго пераадолець хутка. І Украіна можа стаць вітрынай заходняга грамадства асабліва для краін, якія не рашаюцца на еўрапейскую інтэграцыю”.

Алесь Лагвінец дадае: развіццё інтэграцыі з ЕС з’яўляецца, па сутнасці, адзіным шляхам для Беларусі і іншых краін Усходняга партнёрства мадэрнізаваць эканоміку і захаваць незалежнасць. Бо, як кажа эксперт, знаходжанне ў адноўленай Расійскай імперыі не азначае аднаўлення эканомік і народаў рэгіёнаў — Расія патрабуе толькі прасторы ды таннай працоўнай сілы.

Фота: dw.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі