Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця зацвердзіў новую стратэгію для Беларусі

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця зацвердзіў новую стратэгію для Беларусі

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) зацвердзіў новую чатырохгадовую стратэгію для Беларусі, перадае БЕЛТА.

У гэтай праграме вызначаюцца інвестыцыйныя прыярытэты банка ў Беларусі. У ЕБРР лічаць, што ў сувязі з нядаўнімі зменамі ў рэгіянальнай геапалітычнай абстаноўцы наша краіна стала выяўляць большую адкрытасць на міжнародным узроўні. Таксама ў ЕБРР заўважылі, што афіцыйны Мінск стаў паказваць большую гатовасць абмяркоўваць палітычную сітуацыю ўнутры краіны.

ЕБРР лічыць, што ўсе гэтыя пазітыўныя змены стварылі новы палітычны кантэкст для дзейнасці банка ў нашай краіне і "адкрылі магчымасці для больш актыўнага ўзаемадзеяння з беларускімі ўладамі".

Банк заяўляе, што гатовы падтрымаць канкрэтныя рэформы ў Беларусі інвестыцыямі і тэхнічнай дапамогай для развіцця прыватнага сектара, спрыяння прыватызацыі, а таксама павышэння ўстойлівасці грамадскай інфраструктуры на аснове камерцыйных рашэнняў.

Стратэгія ЕБРР мае некалькі асноўных напрамкаў. Першы — гэта павышэнне канкурэнтаздольнасці рэальнага сектара беларускай эканомікі. Банк гатовы вылучаць крэдыты беларускім і замежным інвестарам, а таксама малым і сярэднім прадпрыемстваў.

Другім напрамкам у ЕБРР называюць павышэнне ўстойлівасці і якасці паслуг у сектары грамадскай інфраструктуры. Таксама банк абяцае падтрымку ў ініцыятывах урада, накіраваных на рэформы ў муніцыпальным, транспартным і энергетычным сектарах.

Паведамляецца, што з 1992 года, калі ЕБРР пачаў сваю дзейнасць у Беларусі, ён інвеставаў прыблізна 1,8 млрд еўра ў прыкладна 70 праектаў у розных сектарах эканомікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі