Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю Кудзіна ў Беларусь
21 ліпеня Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю Аляксея Кудзіна ў Беларусь. Ён прыйшоў да высновы, што спартсмену могуць пагражаць катаванні, паведамляе Фонд спартыўнай салідарнасці. Раней Маскоўскі абласны суд ухваліў запыт беларускай пракуратуры на экстрадыцыю байца: вырашыў, што яму ў Беларусі не пагражаюць катаванні, а яго крымінальны пераслед не з'яўляецца палітычна матываваным.
Шматразовага чэмпіёна свету па кікбоксінгу і тайскім боксе ў Беларусі абвінавачваюць па артыкуле "Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў". Кудзін браў удзел у пратэстах жніўня 2020-га ў Маладзечне, яго жорстка затрымлівалі, аштрафавалі, распачалі крымінальную справу. У лістападзе 2020-га спартсмен не прыйшоў у суд і яго аб'явілі ў вышук. Аляксея Кудзіна затрымалі ў студзені ў Маскоўскай вобласці, з таго часу ён знаходзіцца за кратамі.
Генпракуратура Беларусі накіравала ў РФ зварот аб экстрадыцыі. У абарону Кудзіна выступілі беларускія і расійскія спартсмены.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.