Фатограф "Нашай Нівы" паехала адбываць арышт на Акрэсціна на таксоўцы
Фатограф "Нашай Нівы" Аляксандра Піліповіч-Сушчыц паехала ў ізалятар на Акрэсціна адбываць 7-сутачны арышт. Столькі ёй прысудзілі за працу на Маршы памяці Рамана Бандарэнкі.
"Такога я не бачыў ніколі. Каб цябе забралі на суткі, трэба ўзяць таксі і адвезці свайго участковага на Акрэсціна! Відаць, усе міліцэйскія бусы занятыя маніторынгам мяцежных раёнаў", — напісаў галоўрэд "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч.
Пазней ён адказаў на пытанні ў сацсетках.
Супрацоўніца "Нашай Нівы" пайшла ў міліцыю здавацца добраахвотна, каб яе арыштавалі падрыхтаванай і з рэчамі, "бо калі схопяць каля дома, то заедзеш пустым".
Міліцыянта на Акрэсціна яна павезла, каб не сядзець у апорцы цэлы дзень, пакуль з'явіцца вольны міліцэйскі транспарт.
"І што, рэальна таксі выклікалі? — Ну не зусім. Бацькі Шуры павезлі ў турму яе і міліцыянера", — прызнаўся пад канец Марціновіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.