Фігурантам справы "Прэс-клуба" працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
Фігурантам справы "Прэс-клуба" на два месяцы працягнулі тэрмін утрымання пад вартай, перадае БелаПАН. Дакладна вядома, што да 23 красавіка за кратамі застануцца Юлія Слуцкая, яе сын Пётр Слуцкі, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі. Інфармацыі пра Ксенію Луцкіну няма, але, відаць, меру стрымання працягнулі і ёй.
Справу "Прэс-клуба" ў канцы мінулага года пачаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі. У офісе і дома ў супрацоўнікаў арганізацыі прайшлі ператрусы. Пасля крымінальную справу перадалі ў Следчы камітэт.
Заснавальніцу "Прэс-клуба" Юлію Слуцкую вінавацяць ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры, у яе кватэры апісалі маёмасць. Шарко, Альшэўскага, Луцкіну, Слуцкага вінавацяць у саўдзеле. Ім выставілі абвінавачванні. Праграмнага дырэктара Акадэміі "Прэс-клуба" Сяргея Якупава дэпартавалі ў Расію без выстаўлення абвінавачвання.
Сёлета сваякі арыштаваных пералічылі на рахунак СК амаль 110 тысяч рублёў як забеспячэнне кампенсацыі магчымай шкоды.
Юлія Слуцкая, Пётр Слуцкі, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі і Ксенія Луцкіна прызнаныя палітзняволенымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.