Фільм “Авель” перайменавалі ў “Мы браты”
У францускіх Канах з 14 па 25 траўня адбываецца 67-ы Канскі кінафестываль. Сёлета не абышлося без палітычных скандалаў.
У фільме “Грэйс, прынцэса Манака”, якім адкрыўся фэстываль, крытыкі заўважылі намёк на сённяшнія падзеі ва Украіне. У сюжэце фільму паказваюцца падзеі, каля Францыя спрабавала анексаваць Манака. На прэсавай канферэнцыі адзін з актораў Тым Рот сказаў, што сапраўды перажывае за падзеі ва Украіне. Кіраўніцтва Манака адмовілася прыехаць на прэм’еру, назваўшы фільм непраўдзівым, інфармуе Радыё Свабода.
На фестывалі шмат гавораць пра Украіну. Украінскі павільён упрыгожаны майданаўскай ялінкай, каскамі і бронекамізэлькамі з надпісам “Прэса” ў знак салідарнасці з пацярпелымі журналістамі. У самім павільёне працуюць дзяўчаты, які былі валанцёркамі на Майдане. 19 траўня украінцы прэзентуюць тры дакументальныя стужкі пра апошнія падзеі, а 21 траўня ў Каны завітае беларуска-ўкраінскі рэжысёр Сяргей Лазніца з фільмам “Майдан”, які трапіў у афіцыйную праграму кінафестывалю.
У беларускім павільёне 18 траўня стане вялікай падзеяй. Стваральнікі стужкі “Авель”, якая цяпер будзе называцца “Мы браты”, прэзентуюць першы трэйлер. З гэтай нагоды у Каны завітае галівудская зорка, якая брала ўдзел у здымках. Верагодна, гэта акторка і мадэль Наташа Алам. Яна родам з Узбекістану, але жыве ў Лос-Анджэлесе, здымалася ў амерыканскіх фільмах і серыялах, яе фота друкавалі ў часопісе Playboy.
На фестывалі таксама прадстаўленыя павільёны “Беларусьфільму” і кінафэстывалю “Лістапад”.