Фільм пра Хілары Клінтан атрымаў “антыоскара”

Фільм пра Хілары Клінтан атрымаў “антыоскара”

У Лос-Анджэлесе адбылася 37-я цырымонія ўручэння прэміі найгоршаму фільму года — "Залатой маліны" — якая па традыцыі праводзіцца напярэдадні цырымоніі "Оскара". Галоўны прыз дастаўся дакументальнай карціне рэжысёра Дынеша Д'Cоузы "Амерыка Хілары: Таемная гісторыя Дэмакратычнай партыі".

"Амерыка Хілары" — гэта крытычны погляд на Дэмакратычную партыю ЗША. У прыватнасці, Дынеш Д'Cоуза абвінавачвае дэмакратаў у сувязях з "Ку-Клукс-Кланам". Фільм перамог адразу ў чатырох катэгорыях: найгоршы фільм, найгоршы выканаўца галоўнай ролі — усё той жа Д'Соуза, які сыграў самога сябе; найгоршая рэжысура — ізноў Д'Cоуза і Брус Скулі, а таксама найгоршая актрыса — Бэкі Тэрнер, якая сыграла Хілары Клінтан, не прамаўляючы ў фільме ніводнага слова.

Гэтай параўнальна малавядомай актрысе давялося пабіць такіх экранных "акул", як Джулія Робертс (за фільм "Невыносная лэдзі"), Наомі Уотс ("Дывергент, раздзел 3-і: ці За сцяной") і Меган Фокс ("Чарапашкі-ніндзя-2" ).

Бэн Аффлек і Генры Кавіл атрымалі ўзнагароду як найгоршы акцёрскі ансамбль — за фільм "Бэтмен супраць Супермэна"

У катэгорыі "найгоршы рымейк, прыквел, сіквел або "здзіралава” лаўры дасталіся фільму "Бэтмен супраць Супермэна". Ён жа перамог і ў катэгорыі "найгоршы сцэнарый".

Дынеш Д'Соуза назваў "Залатую маліну" свайму фільму "мізэрнай помстай тых, хто прайграў". Яго малабюджэтная карціна выйшла ў пракат у ліпені 2016 года, яе касавыя зборы склалі 13 млн долараў. Дональд Трамп у "Твітэры" заклікаў сваіх прыхільнікаў пайсці і паглядзець "Амерыку Хілары".

Тым часам на сайце "Залатой маліны" ёсць і абвестка пра тое, што журы ўсё яшчэ чакае, калі Трамп забярэ свайго “антыоскара”, якога выйграў у 1991 году за эпізадычную ролю самога сябе ў фільме "Прывіды гэтага не робяць" ( "Ghosts Can 't Do It), паведамляе ВВС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі