ФК "Макслайн" абураны рашэннем выканкама АБФФ — рагачоўцаў не пускаюць у эліту

Гульцы і заўзятары ФК "Макслайн" / vk.com/maxlinefc
Гульцы і заўзятары ФК "Макслайн" / vk.com/maxlinefc

Футбольны клуб "Макслайн" з Рагачова абураны ўчорашнім рашэннем выканкама Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола". У пераходных матчах ён заваяваў права ў наступным сезоне выступіць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Аднак у федэрацыі адмовілі ў разглядзе хадайніцтва рагачоўцаў і не дапусцілі яго да працэдуры ліцэнзавання. Спартыўныя функцыянеры спаслаліся на рэгламент, паводле якога на ліцэнзію можа прэтэндаваць "толькі футбольны клуб, які з'яўляецца членам АБФФ не менш двух гадоў запар".

Адкрыты ліст кіраўніку федэрацыі Уладзіміру Базанаву напісаў дырэктар "Макслайна" Андрэй Іваненка. Ён не разумее, чаму не зроблена выключэнне, бо раней выканкам АБФФ ішоў на саступкі шэрагу клубаў. Больш таго, навошта тады рагачоўцаў дапусцілі да стыкавых матчаў, у якіх яны перамаглі?

"Зараз жа сітуацыя склалася такім чынам, што слёзы радасці тысяч людзей у Рагачове былі марныя, — піша Іваненка. — Марным было і жаданне кожнага футбаліста імкнуцца да дасягнення максімальнай спартыўнай мэты. Марнымі былі старанні ўсіх тых, хто прыбіраў гэтыя два злашчасныя дні снег у Рагачове. Для ўсіх гэтых людзей пасля ўсяго таго, што мы пераадолелі ў гэтым годзе, падобнае рашэнне выглядае як здзек, як бюракратычны плявок у душу".

ФК "Макслайн" рыхтуе апеляцыю на рашэнне выканкама АБФФ і спадзяецца "на прыняцце мудрага рашэння" і "спартыўную справядлівасць". Яго дырэктар на ўсялякі выпадак адзначае, што клуб "не з'яўляецца дзяржаўным..., аднак усяляк падтрымлівае прынцыпы і мэты развіцця футбола, пастаўленыя АБФФ перад яе членамі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі