Фота і відэа з сустрэчы ў мінскім аэрапорце Аляксандры Герасімені
Увечары 16 жніўня ў мінскім аэрапорце ўрачыста сустрэлі бронзавую прызёрку Алімпіяды ў Рыа Аляксандру Герасіменю. Яна заваявала медаль у плаванні на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем. Герасіменю сустракалі сваякі, сябры, заўзятары, журналісты і чыноўнікі (прысутнічаў міністр спорту Аляксандр Шамко). Вось што Аляксандра сказала пра свае пачуцці:
"Я яшчэ да канца не ўсвядоміла, што ў мяне ёсць... медаль. І я яшчэ пад уражаннем сустрэчы. Так прыемна, нечакана... Я вельмі радая была пабачыць тут тых, хто за мяне заўзеў і перажываў. Шчыра дзякую, што былі побач і мяне ў любую хвіліну падтрымлівалі! Для мяне гэта вельмі важна".
Адзначым, што днямі 30-гадовая плыўчыха заявіла, што не збіраецца развітвацца са спортам і плануе паўдзельнічаць у бліжэйшым чэмпіянаце свету, які пройдзе ў Канадзе. А пакуль яна хоча проста адпачыць і часова забыць пра спартыўную дыету.