Аляксандр Лукашэнка атрымаў першы слуцкі пояс (фота, відэа)
Кіраўнік дзяржавы ў пятніцу наведаў прадпрыемства "Слуцкія паясы".
Ён азнаёміўся з тэхналагічным працэсам вырабу слуцкіх паясоў. Аляксандр Лукашэнка зрабіў выснову, што рашэнне пра адраджэнне вытворчасці паясоў было слушным. "Хоць гэта і нятанна, але гэта таго каштавала. Гэта застанецца ў гісторыі, на стагоддзі", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.
У Музеі гісторыі слуцкіх паясоў, які быў створаны на прадпрыемстве, кіраўніку дзяржавы падаравалі першы выраблены слуцкі пояс. Лукашэнка паведаміў, што ўжо сёння яго прывязуць на захоўванне ў Палац Незалежнасці.
Лукашэнка адзначыў, што праца на прадпрыемстве цяжкая, а заробкі "не тыя", што хацелі б працаўнікі мець. Ён параіў "паціху выходзіць на экспарт, на паўцэнта павышаючы цану", каб выйсці на "сусветныя кошты". Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дзяржава ўклала ў вытворчасць "вялізныя грошы, прычым не ў лепшыя часы". Таму трэба "мабілізоўвацца", каб больш прадаваць прадукцыі.