Футбольная зборная Беларусі прайграла Украіне — 0:2 (відэа)

У першым тайме заўважную перавагу мелі ўкраінцы, гаспадары поля пераважна абараняліся. Толькі перад самым перапынкам  Філіпенка ва ўпор біў галавой (на здымку зверху), але брамнік украінцаў Пятаў зрэагаваў. У другім тайме гульня выраўнялася, моманты мелі абедзве каманды. Усё вырашыў... аўтагол Мартыновіча, які на 82-й хвіліне зрэзаў мяч у сваю браму. А ўжо ў даданыя секунды ўкраінцы ў контратацы зрабілі лік 2:0, вызначыўся Сідарчук.

Зборная Беларусі гуляла ў наступным складзе: Жаўноў, Мартыновіч (Савіцкі, 87), Філіпенка, Палякоў, Вярхоўцаў, Драгун, Стасевіч (Кісляк, 46), Гардзяйчук (Карніленка, 79), Крывец, Балановіч, Калачоў (капітан).

На матчы прысутнічалі 10500 гледачоў, у тым ліку і ўкраінскія фанаты. Над "Барысаў-Арэнай" гучала песня пра Пуціна, "Жыве Беларусь!" і "Слава Украіне! Героям Слава!".

У іншых матчах нашай групы С зборная Славакіі выйграла ў Іспаніі — 2:1, а зборная Македоніі вырвала перамогу ў Люксембурга — 3:2. Лідыруе Славакія — 4 ачкі, у Іспаніі, Украіны і Македоніі — па 3, у Беларусі і Люксембурга — па 1 ачку.

12 кастрычніка зборная Беларусі сустрэнецца на "Барысаў-Арэне" з камандай Славакіі.

Фота — football.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі