Футбольная зборная Галандыі разграміла Беларусь — 4:1 (відэа)

Футбольная зборная Галандыі разграміла Беларусь — 4:1 (відэа)

Футбольная зборная Галандыі разграміла Беларусь — 4:1 (2:0). У гасцявым адборачным матчы чэмпіянату свету, які 7 кастрычніка прайшоў у Ратэрдаме, беларусы рабілі зашмат памылак: як у абароне, так і ў атацы. У першым тайме два галы забіў Куінсі Промес (на 15-й і 31-й хвілінах), а беларусы свае нешматлікія шанцы не скарысталі.

У перапынку ў гаспадароў поля быў заменены зорны Уэслі Снайдэр, а ў беларусаў выйшаў Аляксандр Глеб. І ўжо на 47-й хвіліне забівае Аляксей Рыас, які атрымаў пас ад Сяргея Карніленкі — 1:2. З'явілася невялікая надзея, але яе на 56-й пахаваў Дэві Класэн (ён расстраляў браму пасля памылкі Міхаіла Сівакова і патраплення мяча ў штангу). А на 64-й прыгожы мяч забіў Вінсэн Янсэн.

Галандцы і не думалі супакойвацца, яны працягвалі атакаваць, біць па браме Андрэя Гарбунова. Мяч зноў трапляў у штангу. На шчасце, лік большым не стаў.

Зборная Беларусі выступала ў наступным складзе: Гарбуноў, Палякоў, Сівакоў, Паліцевіч, Бардачоў, Корзун, Маеўскі (Глеб, 46), Гардзяйчук (Валадзько, 74), Крывец (Кісляк, 68), Рыас, Карніленка (капітан).

Нагадаем, у першым адборачным матчы зборная Беларусі згуляла на "Барысаў-Арэне" ўнічыю 0:0 з Францыяй. Там жа 10 кастрычніка каманда Аляксандра Хацкевіча прыме Люксембург, пачатак у 21.45. Прададзена ўжо каля 7 тысяч квіткоў.

У пятніцу прайшлі яшчэ два матчы нашай групы: Францыя — Балгарыя — 4:1, Люксембург — Швецыя — 0:1. Лідыруюць Францыя, Галандыя і Швецыя — па 4 ачкі, у Балгарыі — 3, Беларусь мае 1 ачко, Люксембург — 0.

Футбольная зборная Галандыі разграміла Беларусь — 4:1 (відэа)
Фота: pressball.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі