Гамяльчаніна Юрыя Рубцова зноў затрымалі за надпіс на майцы

Актывіст паведаміў БелаПАН, што затрыманне адбылося 7 лістапада каля 9:30. Яго забралі ў міліцыю для высвятлення асобы на 20 хвілінаў. Пасля вызвалення Рубцова не падпускалі да помніка Леніну, дзе праходзіў мітынг камуністаў.

Сваё затрыманне актывіст звязвае з тым, што ён быў апрануты ў майку з надпісам "За Беларусь — без кантрактаў". "Казалі , што ў гэтае свята не варта з такой майкай хадзіць. У выніку я ў гэтай майцы застаўся, прайшоў па вуліцы Савецкай", — адзначыў Рубцоў.

Нагадаем, у першы раз Юрыя Рубцова затрымалі пасля мітынгу ў Курапатах 3 лістапада, на які ён прыйшоў у майцы з надпісам спераду "Лукашэнка, сыходзь", а ззаду — "Чатыры разы прэзідэнт? НЕ! Гэта не прэзідэнт, а цар-самазванец!". Тады гамяльчаніна прысудзілі да трох сутак арышту.

6 лістапада ён выйшаў з ізалятара ў той жа майцы. Аднак праз некалькі хвілінаў Рубцова і яшчэ васьмярых сустракаючых затрымалі ля сцен ізалятара і даставілі ў Маскоўскае РУУС. З міліцыі актывіст выйшаў праз тры гадзіны, але ўжо без майкі.

Фота: радыё "Свабода".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі