General Motors пераносіць зборку “Опеляў” з Расіі ў Беларусь

Амерыканская кампанія General Motors запусціла вытворчасць мадэлі аўтамабіля Opel Mokka на магутнасцях беларускага ЗАТ “Юнісон”. 20 траўня ў Мінску прайшла прэзентацыя канвеернай зборкі машыны.

Пры гэтым кампанія сыходзіць з расійскага рынка — GM нядаўна абвясціла пра спыненне продажаў у Расіі Opel і масавых мадэляў Chevrolet. Цяпер там распрадаюць рэшткі склада і паступова замарожваюць вытворчыя магутнасці.

Цяпер на беларускім прадпрыемстве “Юнісон” збіраюць невялікія партыі французскіх Peugeot і Citroen, а таксама кітайскія седаны Zotye Z300. Ужо вядомы графік лакалізацыі GM у Беларусі: да 1 студзеня 2017 года — не меней за 30%, да 1 ліпеня 2018 года — 50% і болей. Сабраныя на тэрыторыі Беларусі аўтамабілі могуць увозіцца ў Расію без уплаты мыта ў рамках Мытнага саюза.

Як адзначае РБК, на Мытны саюз распаўсюджваюцца і ўмовы расійскага пагаднення GM аб прамзборцы, якое цяпер прыпыненае, але не скасаванае. Амерыканцы змогуць карыстацца льготным мытным рэжымам пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі машына-камплектаў. Аналагічныя льготы кампанія можа атрымаць і асобна паводле пагаднення з Беларуссю. Сабекошт вытворчасці тут можа быць ніжэйшым, бо ў Беларусі больш танная працоўная сіла і падатковыя прэферэнцыі для замежных кампаній.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі