Генпракуратура Беларусі ініцыюе міжнародны вышук Паўла Латушкі
Генпракуратура Беларусі ініцыюе міжнародны вышук Паўла Латушкі, аднаго з лідараў беларускай апазіцыі. Падрыхтаваны пакет дакументаў ужо накіраваны ў Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпола ў нашай краіне. Прэс-служба Генпракуратуры адзначае, што Латушку інкрымінуюць: "Змову ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам" (ч. 1 арт. 357 КК; пагражае пазбаўленне волі ад 8 да 12 гадоў), "Стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці кіраўніцтва такім фармаваннем ці ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем" (ч. 1 арт. 361-1; абмежаванне волі да 5 гадоў, альбо пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў), "Заклік да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаннем СМІ ці інтэрнэту" (ч. 3 арт. 361; пазбаўленне волі ад 2 да 5 гадоў). Крымінальную справу, па якой праходзіць палітык, расследуе Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта. "З санкцыі пракурора абрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту", — паведамляе Генпракуратура.
Павел Латушка — былы беларускі дыпламат, экс-міністр культуры. Летась яго звольнілі з пасады гендырэктара Купалаўскага тэатру пасля таго, як ён асудзіў гвалт сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў. З верасня 2020-га знаходзіцца за мяжой. Латушка — кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання, уваходзіць у Каардынацыйную раду. Ён жорстка крытыкуе дзеянні ўладаў Беларусі і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.
Павел Латушка заявіў, што рашэнне Генпракуратуры Беларусі "выключна палітычнае, а не прававое". "На жаль, закон даўно перастаў існаваць у нашай краіне", — адзначае ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.