Генпракуратура просіць Расію аб выдачы Беларусі Анжалікі Агурбаш
Анжаліка Агурбаш / РІА "Навіны"
Генеральная пракуратура накіравала просьбу ў Генпракуратуру Расіі аб выдачы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці спявачкі Анжалікі Агурбаш.
Супраць Агурбаш заведзеныя дзве крымінальныя справы. Яе абвінавачваюць у "распальванні варожасці", а таксама ў абразе Лукашэнкі.
"Са жніўня 2020 года, як самастойна, так і ў групе з нявысветленымі асобамі, яна размяшчала ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі, відэахостынг YouTube, звесткі, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці ў дачыненні да людзей, якія маюць агульныя сацыяльна значныя прыкметы, заснаваныя на прыналежнасці да пэўнай прафесіі: супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных службоўцаў, прадстаўнікоў улады, якія выступаюць за захаванне правапарадку і захаванне дзейнага дзяржаўнага канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. Агурбаш А. А. у групе з нявысветленымі асобамі таксама апублікавала ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт звесткі, якія змяшчаюць абразы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, звязаныя з абвінавачваннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў", — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Пра дзве крымінальныя справы на мінулым тыдні расказала сама спявачка. Яна запісала відэа, у якім заклікала беларусаў "аб'яднаць усе намаганні па выхадзе з крызісу і дамагчыся рэферэндуму".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.