Герасіменя: перанос ЧС па хакеі з Беларусі — гэта першы крок
Кіраўніца Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя выступіла з заявай з нагоды пераносу з Беларусі чэмпіянату свету па хаккеі 2021 года. Гэтае рашэнне савет Міжнароднай федэрацыі хакея прыняў 18 студзеня.
Перанос ЧС па хакеі з Беларусі — гэта першы крок, мяркуе Герасіменя. Далей будуць санкцыі супраць чыноўнікаў і сілавікоў, якія парушалі правы чалавека, фальсіфікавалі выбары, арганізоўвалі рэпрэсіі. "І як нам удалося дамагчыся санкцый супраць грамадзяніна Лукашэнкі асабіста і перанесці турнір, так нашы актывісты пераможна скончаць і іншыя пачатыя кампаніі, я ў гэтым не сумняюся", — гаворыцца ў заяве кіраўніцы Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці.
Гэтае рашэнне "вярнула веру беларускай і сусветнай супольнасці ў справядлівасць і агульначалавечыя каштоўнасці, — працягвае Аляксандра Герасіменя. — Спартыўныя форумы не могуць праходзіць у краінах, дзе прымяняюцца гвалт і катаванні ў адносінах да мірных грамадзян".
Герасіменя нагадала пра кіраўніка Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава, у дачыненні якога трэба "правесці дэталёвае расследаванне" па справе аб забойстве пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.
Аляксандра Герасіменя — беларуская плыўчыха, тройчы была прызёрам Алімпійскіх гульняў. Пра завяршэнне спартыўнай кар'еры аб'явіла летам 2019-га. Цяпер вымушана знаходзіцца за мяжой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.