Германія ўвядзе праверкі на мяжы з Польшчай

Праверкі на межах могуць пачацца ў найбліжэйшыя дні

Праверкі на межах могуць пачацца ў найбліжэйшыя дні / ndr.de

Міністр унутраных спраў Германіі Нэнсі Фэзер мае намер абвясціць аб часовых праверках на межах Германіі з Польшчай і Чэхіяй, піша Politico са спасылкай на нямецкага чыноўніка. Паводле яго слоў, "часовыя праверкі на асобных пунктах перасячэння мяжы" пачнуцца ўжо "ў найбліжэйшыя дні". Такім чынам у Берліне разлічваюць абмежаваць колькасць просьбітаў прытулку.

У гэтым годзе колькасць такіх просьбітаў у Германіі сур'ёзна вырасла. За першыя восем месяцаў статуса ўцекача папрасілі больш за 200 тысяч чалавек — гэта на 77% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Тым часам у нямецкіх землях пачынаюцца выбары. 8 кастрычніка яны пройдуць у Баварыі і Гесэне, і тэма міграцыі застаецца адной з самых балючых.

У выходныя на палітычным мітынгу ў Баварыі канцлер Германіі Олаф Шольц звязаў памежны крызіс з "візавым скандалам" у Польшчы. "Я не хачу, каб Польшча проста прапускала людзей, а потым абмяркоўвала нашу палітыку прадастаўлення прытулку", — заявіў Шольц. Ён чакае тлумачэнняў ад польскага ўрада ў сувязі з гэтым скандалам — выдаваннем за хабар віз жыхарам Афрыкі і Азіі, якія такім чынам атрымліваюць доступ у ЕС. У Польшчы ўжо запатрабавалі, каб Шольц "устрымаўся ад заяў, якія наносяць шкоду" адносінам дзвюх краін.

Тым не менш Германія будзе праводзіць выбарачныя праверкі на прапускных пунктах, "якія, як мы ведаем, часта выкарыстоўваюцца гандлярамі людзьмі", расказала крыніца выдання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі