Глеб пра заўтрашні матч: “Нават “нічыя” будзе ўжо перамогай”

Глеб пра заўтрашні матч: “Нават “нічыя” будзе ўжо перамогай”

Паўабаронца БАТЭ Аляксандр Глеб выказаў шкадаванне, што прапусціць бліжэйшы матч Лігі чэмпіёнаў супраць каталонскай “Барселоны”.

Паўабаронца барысаўскай каманды не зможа выйсці на поле праз траўму. Пра гэта заявіў галоўны трэнер “жоўта-сініх” Аляксандр Ермаковіч.

“Вядома. Наогул, непрыемна быць траўмаваным. Аднак не згуляць з “Барселонай” — крыўдна двойчы. Хацелася б выйсці і хоць бы пабадацца”, — кажа паўабаронца.

Па словах Глеба, адсутнасць на полі лідэраў каталонскай каманды Ліянэля Мэсі і Андрэса Ін'есты не павінна абнадзейваць яго калег па камандзе. У той жа час паўабаронца адзначыў, што шанец на станоўчы зыход сустрэчы ёсць заўсёды.

“У складзе суперніка дастаткова гульцоў, здольных іх замяніць. Ды і ў моладзі, наадварот, будзе яшчэ больш матывацыя. Цяжка сказаць, як усё павернецца. Адно ясна: шанец ёсць заўсёды. Галоўнае - не баяцца, не вешаць нос, старацца гуляць у свой футбол. Не думаць пра вынік”, — цытуе футбаліста pressball.by.

Футбаліст таксама звярнуў увагу, што многае ў гэтым супрацьстаянні будзе залежаць ад поспеху.

“Адчуваю чакання заўзятараў. Упэўнены, хлопцы гатовыя да бою і выкладуцца не на сто адсоткаў, а звыш. Шмат што залежыць ад поспеху”, - сказаў Глеб.

Паводле яго словаў, нічыя з “Барсай” для БАТЭ будзе ўжо перамогай.

БАТЭ раней даводзілася сустракацца з “Барселонай” у сезоне-2011/12, тады каманды таксама выступалі ў адной групе. Аднак тыя два матчы сталі для барысаўчан няўдалымі: каталонцы за 180 хвілін гульні забілі дзевяць мячоў свайму суперніку.

Нагадаем, матч БАТЭ – “Барселона” пройдзе 20 кастрычніка на “Барысаў-Арэне”.

Фота: dynamo.kiev.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі