Гледачы "Басовішча" застануцца без візавай падтрымкі
Аднак тыя, хто дабярэцца да Гарадка, змогуць паслухаць Лявона Вольскага, пазнаёміцца з заснавальнікамі фэсту і паглядзець кіно пра першы фестываль.
Арганізатары сёлетняга "Басовішча" не змаглі дамовіцца з консульствам Польшчы ў Беларусі наконт выдання віз для наведвальнікаў фестывалю.
"У гэтым годзе, на жаль, не будзе віз. Бо консульства сказала, што шмат асоб цяпер звяртаецца да іх па візы. Таму яны не ў стане задаволіць патрэбы ўсіх жадаючых", — распавядае адзін з арганізатараў "Басовішча" Мацвей Севасцьянік.
Аднак, абяцаюць стваральнікі сёлетніх "Басоў", усе, хто ўсё ж самастойна дабярэцца да Гарадка, змогуць акунуцца ў непаўторную атмасферу свята беларускай музыкі.
"Сёння мы робім стаўку на лайн-ап, — працягвае Мацвей. — Аднак апроч грунтоўнай музычнай часткі наведвальнікаў чакае паказ фільмаў маладых польскіх рэжысёраў, аб'яднаных у праекце "Filmowe Podlasse atakuje". Да таго ж, у кіназале будуць круціцца старыя фільмы пра першыя "Басы" з прыватных калекцый пачынальнікаў фэсту. Будзе арганізаваная дзіцячая зона на фэсце".
Ва ўрачыстым адкрыцці 25-га фэсту плануецца сабраць усіх людзей, звязаных з яго нараджэннем, сярод якіх будуць старшыні БАСу, музыкі, мастакі і іншыя адданыя імпрэзе асобы. Па добрым звычаі, канцэрты будуць змяняцца дыджэйскімі сэтамі.
Нагадаем, юбілейны фестываль "Басовішча" традыцыйна пройдзе ў мястэчку Гарадок, недалёка ад беларуска-польскай мяжы 18-19 ліпеня. Чакаецца, што на ім выступяць Лявон Вольскі з дзіцячым хорам, "Крама", "Троіца", Nizkiz, Avias, IQ48, :B:N:, R.U.T.A., TT-34, "Тлушч". На жаль, заяўлены раней гурт Neuro Dubel у Гарадок не прыедзе. Арганізатары шукаюць яму замену.